1-2 чэрвеня Браслаў запрашае на міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы-2019»
Першы дзень пачнецца сямейным святам «Звонок в детство». Гульні, забавы, сустрэчы з лепшымі дзіцячымі творчымі калектывамі на пляцоўцы адпачынку «Брукоўка» будуць доўжыцца з 11 да 20 гадзін.
Свята сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» пачнецца ў суботу а 18 гадзіне. Традыцыйнае шэсце і паказальныя выступленні клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Расіі, здабыча жывога агню, прадстаўленне вулічнага тэатра «Вір», інтэрактыўная праграма калектыва гістарычнага танца «1410» пройдуць на Замкавай гары.
Тут жа будзе працаваць «Браслаўскі фальварак», дзе накрыюць сталы з мясцовымі прысмакамі для гасцей свята.
У нядзелю, 2 чэрвеня, праграму адкрые урачыстае шэсце ўдзельнікаў свята з цэнтра горада да лясопарка «Ляснічоўка, канцэртная пляцоўка якога і месцы для гледачоў атрымалі новае афармленне, сталі больш камфортнымі для артыстаў і публікі. У 12.30 пачнецца канцэрт з удзелам творчых калектываў Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Эстоніі і Эквадора, зводнага хору Віцебскай вобласці.
У праграме другога дня – агляд-конкурс харавых калектываў вобласці «Браслаўская харавая асамблея», канцэрты ансамбля памежнай службы Рэспублікі Беларусь, зорак беларускай эстрады Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, выстава «Браслаўшчына: крокі на фоне гісторыі краіны», экспазіцыя карцін мясцовых мастакоў «Прысвячэнне маёй Радзіме», выстава-кірмаш работ майстроў народных мастацкіх рамёстваў.