1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам
Гэты дзень стаў адным з самых важных міжнародных дзён, звязаных з пытаннямі аховы здароўя, і адной з ключавых магчымасцей павышэння інфармаванасці і магчымасці адзначыць такія дасягненні, як пашырэнне доступу да лячэння і мер па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. Сімвалам гэтага дня з'яўляецца чырвоная стужка, якая абазначае падтрымку, спачуванне і надзеі на будучыню без СНІДу.
Сусветны дзень барацьбы са СНІДам заўсёды прысвечаны пэўнай тэме. Сёлета такой тэмай будзе «Ліквідаваць няроўнасць. Спыніць СНІД. Спыніць пандэміі».
Надыходзіць трэці год пандэміі COVID-19 і пятае дзесяцігоддзе пандэміі СНІДу. Праблема распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі застаецца адным з найвострэйшых медыцынскіх і сацыяльных глабальных выклікаў, з якім сутыкаюцца ўсе без выключэння дзяржавы. Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, агульнасусветная колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, у 2020 годзе склала 37,7 мільёна чалавек, з пачатку эпідэміі ад звязаных са СНІДам хвароб памерла 36,3 мільёна чалавек.
Па стане на 1 лістапада 2021 года ў Беларусі з ВІЧ-палажынным статусам пражывае больш за 23 тысячы чалавек. За апошняе дзесяцігоддзе найбольшая колькасць новых выпадкаў рэгіструецца ва ўзроставай групе 35-49 гадоў, пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ – на яго долю прыпадае больш за 80% упершыню выяўленых выпадкаў. У Віцебскай вобласці на 1 лістапада пражывае 1321 чалавек, якія жывуць з ВІЧ, палавы шлях перадачы складае 83,3%.
У нашай краіне створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Прайсці добраахвотнае тэсціраванне, у тым ліку ананімнае, можна ў любой установе аховы здароўя, якая мае працэдурны кабінет. На базе дзяржаўных арганізацый аховы здароўя і недзяржаўных некамерцыйных арганізацый функцыянуюць ананімна-кансультатыўныя пункты, якія прадастаўляюць у тым ліку паслугі па кансультаванні і тэсціраванні на ВІЧ-інфекцыю для ключавых груп насельніцтва. Таксама створаны магчымасці не толькі прайсці тэст ва ўстанове аховы здароўя, але свабодна купіць яго ў аптэцы і зрабіць тэст дома, у межах самастойнага тэсціравання.
У Беларусі прадугледжаны ўніверсальны доступ пацыентаў да антырэтравіруснай тэрапіі, гэта значыць дзяржава гарантуе прадастаўленне лячэння ВІЧ-інфекцыі ўсім людзям, якія жывуць з ВІЧ, незалежна ад стадыі хваробы і ўзроўню імунітэту. На сённяшні дзень у рэспубліцы 85% людзей, якія жывуць з ВІЧ, атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію, тым самым захоўваючы сваё здароўе, працягласць і якасць жыцця, у Віцебскай вобласці гэты паказчык складае 85,9%.
У межах Сусветнага дня барацьбы са СНІДам у рэгіёнах краіны будуць праводзіцца розныя інфармацыйна-адукацыйныя мерапрыемствы. Далучайцеся да нас у гэты Сусветны дзень барацьбы са СНІДам з мэтай павышэння дасведчанасці па пытаннях прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, тэсціравання на ВІЧ, недапушчэння стыгмы і дыскрымінацыі ў дачыненні да людзей, якія жывуць з ВІЧ.
ДЗ «Віцебскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя»