1 Траўня адзначылі ў Віцебску святочным мітынгам
Пераможцамі конкурсу сталі: ветурач Віцебскай гарадской ветстанцыі Алена Барылка, майстар вытворчага навучання Віцебскага тэхнічнага каледжа Аляксандр Раманчук, урач-эндакрынолаг, загадчыца аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Марына Негурко, кіроўца Полацкага ЖКГ Руслан Гашымаў, фармавальнік Віцебскага ДСК Сяргей Туровец, швачка Аршанскай прамыслова-гандлёвай фірмы «Світанак» Ларыса Лішчэўская, аператар ААТ «Нафтан» Іван Сінькевіч і іншыя выдатныя людзі – усяго 19 чалавек.
Пад апладысменты ўдзельнікаў першамайскага мітынгу былі ўзнагароджаны і прадстаўнікі пяці працоўных дынастый. Да прыкладу, сям'я Ермаловічаў – Пісаравых, якая працуе на Віцебскім маслаэкстракцыйным заводзе. Заснавала дынастыю Марыя Ермаловіч, працоўная біяграфія якой пачалася на МЭЗе бухгалтарам у далёкім 1937 годзе. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны абсталяванне прадпрыемства было эвакуіравана ў Варонеж, а ў жніўні 1944-га завод пачаў аднаўляцца з руін у Віцебску. Марыя Кірылаўна актыўна ўдзельнічала ў яго адраджэнні. За сваю далейшую працу была ўзнагароджана ганаровымі граматамі і прэміямі, карысталася аўтарытэтам і павагай. Маці пяцярых дзяцей, яна пайшла на заслужаны адпачынак, маючы 37-гадовы працоўны стаж.
Дынастыю працягнулі сыны: Генадзь і Віктар – слесарамі, Уладзімір – апаратчыкам-экстрактаршчыкам. Больш за 23 гады на МЭЗе ўнук Марыі Кірылаўны – Аляксандр Пісарэў, які прайшоў шлях ад газаэлектразваршчыка да майстра ўчастка. Амаль столькі ж гадоў ён камандуе добраахвотнай народнай дружынай МЭЗа. Два разы ўзнагароджаны ганаровай граматай канцэрна «Белдзіраспіртпрам», быў занесены на Дошку Ганару прадпрыемства. Яго жонка Наталля на заводзе больш за 16 гадоў, цяпер – начальнік змены маслаэкстракцыйнага цэха. Як і муж, уваходзіць у ДНД па ахове правапарадку. Неаднаразова ўзнагароджвалася прэміямі, была занесена на заводскую Дошку Ганару. Праўнук Марыі Ермаловіч – таксама Аляксандр Пісарэў – працуе майстрам на элеватарна-складскай гаспадарцы і таксама характарызуецца з станоўчага боку.
Акрамя плошчы Перамогі, Першамай у абласным цэнтры адзначалі на ўсіх пляцоўках культурна-масавага адпачынку – з канцэртамі мастацкай самадзейнасці, спартыўнымі спаборніцтвамі, конкурсамі, дабрачыннымі акцыямі і іншымі цікавымі мерапрыемствамі.