1 мая ў Віцебску парк «Мазурына» адкрывае веснаво-летні сезон

1 мая в Витебске парк «Мазурино» открывает весенне-летний сезон

Солнесная ясная вясна прынесла ў жыццё горада ажыўленне, яркія маляўнічыя штрыхі, якія цешаць вока: упрыгожаны клумбы кветкамі, вітаюць свежай зелянінай дрэвы, працуюць фантаны. Горад чысты і ўтульны, ён стаў яшчэ больш прывабным для прагулак.

1 мая комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі адкрывае веснаво-летні сезон. Да гэтай падзеі парк падрыхтаваўся так, каб гараджане маглі па-сапраўднаму адчуць святочнасць мая і ўсю прыгажосць адпачынку на прыродзе.

На летняй эстрадзе пройдзе канцэртная праграма «Парк збірае сяброў» з удзелам творчых калектываў Цэнтра культуры «Віцебск» — тэатра гульні, студыі сцэнічнага майстэрства «Арт-праект», ансамбляў «Ягоза», «Форум». Чакаюць гасцей парка ў гэты дзень і паказальныя выступленні конна-спартыўнага клуба «Каліпса».

І, вядома, за вясёлым настроем дзетвара зможа адправіцца ў мястэчка атракцыёнаў — пасля праведзеных да новага сезону тэхнічных выпрабаванняў у парку працуюць каруселі і арэлі

««Мультяшкі»», ««Сонейка»», ««Салют»», ««Званочак»», ««Лодачкі»» і батутны комплекс.

Для дзяцей і дарослых адкрыты пункт пракату спартыўнага інвентару, якім могуць скарыстацца аматары актыўнага адпачынку. Як расказаў дырэктар комплексу Васіль Дубавец, да новага сезону дадаткова да наяўных набыты прагулачныя ровары і ролікавыя канькі. У летнім асартыменце спартыўнага інвентару таксама самакаты і скейтборды. А акрамя таго настольны тэніс, бадмінтон, дартс, футбольныя і валейбольныя мячы, шашкі, шахматы, даміно.

Улічаны і запыты аматараў пікнікоў — у парку можна ўзяць напракат мангал з камплектам шампураў для адпачынку ў абсталяваных месцах.

Як заўсёды, дарыць добры настрой і цешыць гараджан падчас прагулак па алеях парку будзе прыгажосць прыроды.

Наталля КРУПІЦА, "Віцьбічы"