1 верасня пасля капітальнага рамонту адкрыецца СШ №2 Гарадка
— Было нялёгка, але ўсе разумелі, што часовыя нязручнасці акупяцца з лішкам, — паведаміла дырэктар СШ №2 Гарадка Ніна Ефрэмава. — Сёння мы на фінішнай прамой. Кардынальна змяніўся харчаблок: з'явіліся асобныя цэхі для розных кулінарных працэсаў, новыя пліты і халадзільнае абсталяванне, лінія раздачы ежы. Прадумана нават тое, як будуць захоўвацца адходы да ўтылізацыі, прадугледжана душавая кабіна для работнікаў. Абнавіліся ацяпляльная і вентыляцыйная, сістэмы электра- і водазабеспячэння, каналізацыя. Заменены асвятляльныя прыборы. Мадэрнізаваны спартыўны і актавы залы, навучальныя кабінеты. Стаў яшчэ больш функцыянальным і бяспечным скаладром — адным з самых вялікіх у Беларусі. Не пазнаюць нашы выхаванцы і кабінеты працоўнага навучання. Для хлопчыкаў закупяць станкі па апрацоўцы металу і дрэва. Для дзяўчынак абсталююць швейную і майстэрню па дамаводстве. Такім чынам, рабяты 10-х – 11-х класаў змогуць не толькі атрымаць сярэднюю адукацыю, але і рабочыя спецыяльнасці «Сталяр» або «Швачка» (абедзве 2-га разраду), запатрабаваныя на рынку працы.
Таксама ў школе з'явіцца новы лінгафонны кабінет, які дазволіць вывучаць замежную мову на больш паглыбленым узроўні. На базе аднаго з камп'ютарных класаў адкрыецца факультатыў «Робататэхніка». Ён будзе даступны для дзяцей малодшага, сярэдняга і старэйшага ўзростаў, што дазволіць ім развівацца ў папулярнай цяпер IT-сферы. Бібліятэка дзякуючы тэхналогіям ператворыцца ў інфармацыйна-рэсурсны цэнтр, дзе можна і кнігу пачытаць, і патрэбныя звесткі ў глабальнай сетцы пашукаць. Гэта дазволіць грунтоўней рыхтавацца да ўрокаў, унікаць у цікавыя тэмы ці праблемы.
— Сродкі на капрамонт з мадэрнізацыяй «Школы будучыні» выдзеліў Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця. Кошт аб'екта склаў звыш 1,77 млн руб. Плюс да гэтага 360 тыс. руб. на ўнутранае аздабленне, абнаўленне класаў і фасада, набыццё мэблі і абсталявання выдзелілі з абласнога бюджэту, — сказала намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Наталля Блінава. — Дарэчы, неўзабаве на базе школы плануем размясціць раённы цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, дзе юнакі будуць асвойваць азы ваеннай справы, а дзяўчаты — медыцынскай падрыхтоўкі. У школе ёсць сучасны цір для правядзення навучальных стрэльбаў.
Рамонт ажыццяўляе будаўнічая арганізацыя ТАА «Праф НК». Яны паспелі даказаць, што працуюць якасна і хутка, таму ў аддзеле па адукацыі не сумняваюцца — старт новаму навучальнаму году будзе дадзены каля абноўленага будынка. Пасля чаго дзеці, іх бацькі і ганаровыя госці свята змогуць ацаніць унутранае ўбранне і сучаснае аснашчэнне школы.
— Завяршыўшы рамонт, прыступім да добраўпарадкавання тэрыторыі. Наша ўстанова размяшчаецца ў маляўнічым месцы — нібыта ў цэнтры Гарадка і ў той жа час аддалена ад яго рэчкай Гаражанкай і зялёнымі насаджэннямі, — адзначыла Ніна Ефрэмава. — Калі атрымаецца прыцягнуць прафесіяналаў па ландшафтным дызайне, мы станем адной з славутасцяў нашага горада. Прыемна, што кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, у тым ліку яго начальнік Дзмітрый Хома, падтрымліваюць нашу задумку.
СШ №2 Гарадка была пабудавана ў 1987 годзе.