100 віцебскіх школьнікаў адправіліся ў Мінск на галоўную ёлку краіны
Найлепшым навагоднім падарункам для ста юных жыхароў Віцебскай вобласці стала паездка на галоўную ёлку краіны ў Палац Рэспублікі. Аб тым, з якімі пачуццямі юныя шчасліўчыкі едуць у сталіцу, наш карэспандэнт даведаўся ў дзяцей перад іх ад'ездам.
Выдатнікі, удзельнікі конкурсаў і алімпіяд з гарадскіх школ і раёнаў вобласці яшчэ да ад'езду ўяўлялі гэту падзею як нешта феерычнае, маляўнічае, тое, што запомніцца на ўсё жыццё.
— Раней заўсёды глядзела рэпартажы аб гэтай падзеі па тэлевізары і спадзявалася, што і сама калі-небудзь туды траплю. І вось запаветная мара збылася! Я шчаслівая, — падзялілася вучаніца сярэдняй школы №15 Віцебска Анастасія Габдрашытава.
Насця з шматдзетнай сям'і. Яна — выдатніца вучобы, актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці, займаецца музыкай і любіць граць на гітары.
Радасць Насці ў чаканні займальнай паездкі падзяляе вучань 5-га класа гімназіі №6 Ягор Гукоў. Як высветлілася, хлопчык ужо станавіўся героем публікацый у нашай газеце, дзякуючы сваім карысным і крэатыўным экалагічным працам «Смецце ў жыцці горада» і іншым. Цяпер юны эколаг захоплены новым праектам «Сумны сакрэт паперы». Пажадаем усім ім поспеху, і хай свята ў Палацы Рэспублікі стане для ўсіх таленавітых дзяцей Віцебшчыны толькі першай прыступкай да выканання іх запаветных жаданняў.