115-ы год пайшоў адной са старэйшых жыхарак Беларусі Кацярыне Гаўрыльчык з аграгарадка Бабінічы Віцебскай вобласці
Кацярыне Сцяпанаўне Гаўрыльчык пайшоў 115-ы год. Пражывае доўгажыхарка ў аграгарадку Бабінічы Аршанскага раёна пад наглядам пляменніцы Соф'і Выбарнай.
Нарадзілася Кацярына Сцяпанаўна 1 кастрычніка 1900 года ў вёсцы Кульгаі Глыбоцкага раёна, затым пераехала ў Заполле. На працягу апошніх трыццаці гадоў, пакуль сама магла спраўляцца па гаспадарцы, пражывала на хутары адна. Кацярына Сцяпанаўна навучылася за сваё доўгае жыццё многаму: шыць, вязаць, валяць валёнкі. Гэтым займалася начамі, а днём — праца ў саўгасе, пры гэтым апрацоўвала ўчастак сваёй зямлі, глядзела за жывёлай. Прайшла па яе лёсе і вайна, пакінуўшы цяжкія ўспаміны пра лагер пад Баранавічамі. Цудоўным выратаваннем лічыць той факт, што ёй разам з іншымі пяццю вязніцамі ўдалося збегчы з лагера, дабрацца да вёскі Заполле, дзе ўбачыла замест сваёй хаткі попелішча. Легенды хадзілі пра тое, як Кацярына Сцяпанаўна спраўлялася з сякерай і пілой. Валіла такія дрэвы, якія не пад сілу нават здаровым мужчынам. Што надавала сілы — цяжка сказаць. Харчавалася доўгажыхарка, як і ўсе вяскоўцы: грыбы, ягады, тушаныя гародніна, боршчы — вядомыя стравы. Па жыцці Кацярына Гаўрыльчык прайшла адна. Прызнаецца, што 22 жаніхі сваталіся да яе, а яна аддала перавагу жыць у адзіноце. А можа, не магла забыць пана Фядзю, які ёй вельмі падабаўся, але так атрымалася, што надламіўся на працы і памёр раней часу.
— У цётачкі няпросты характар, — заўважыла Соф'я Анісімаўна. — Але яна заўсёды нас абшывала і валяла валёнкі, калі былі сілы. І мы ёй удзячныя за ўсё.
Здароўя жадаем і мы.