12 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці будуць ператвораны ў адкрытыя акцыянерныя таварыствы
Да канца года на Віцебшчыне плануецца завяршыць работы па пераўтварэнні ў адкрытыя акцыянерныя таварыствы 12 прадпрыемстваў рэспубліканскай і камунальнай уласнасці, а ў будучым годзе — актывізаваць падрыхтоўку да іх прыватызацыі.
Як паведамілі ў фондзе «Віцебскаблмаёмасць», ужо пераўтвораны УП «Віцебскгандальтэхніка» і РУПДП «Лепельскі электрамеханічны завод», у завяршальнай стадыі працэс пераўтварэння ў акцыянернае таварыства РУП «Віцебскхлебапрам». Сярод прадпрыемстваў абласной уласнасці плануецца стварыць ААТ на базе КУП «Абольскі керамічны завод», «Гандлёвы дом «Абольскі», ДУКСТП «АбольСтрой», КТПУП «Віцебскі халадкамбінат» і КУТП «Бакалея». Яшчэ 4 прадпрыемствы, намечаныя да рэфармавання, адносяцца да раённай уласнасці. У ходзе падрыхтоўчых работ асаблівы акцэнт быў зроблены на пытаннях інвентарызацыі аб'ектаў нерухомасці, а таксама на неабходнасці выканання сацыяльных га
рантый работнікаў.
Таксама для павышэння інвестыцыйнай прывабнасці актываў спецыялісты «Віцебскаблмаёмасці» сфарміравалі на падставе прапаноў мясцовых органаў улады пералікі адкрытых акцыянерных таварыстваў з долямі камунальнай уласнасці менш за 25% (увайшло 26 прадпрыемстваў), ад 25% да 50% (6) і малых прадпрыемстваў у форме ААТ (34 суб'екты), па якіх могуць быць прыняты рашэнні аб прыватызацыі. На дадзеным этапе ўжо абвешчана аб конкурсным продажы пакета акцый ААТ «СПМК-27 г. Полацк» памерам 87,99%, які належыць Віцебскай вобласці, з пачатковым коштам амаль 5,7 млрд рублёў.
Сяргей Качатоў, "Віцебскія весці"