12 школ Віцебшчыны будуць адрамантаваны з удзелам Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця
Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Лёзненскага райвыканкама Рыгора Асірана, выдзелены бюджэтныя сродкі на выкананне ў гэтым годзе праектна-каштарыснай дакументацыі для капрамонту гарпасёлкавай СШ №1. Доля дзяржавы ў ім складае каля 1,5 млн руб. Банк падключыцца на этапе рамонту.
Праз пару гадоў гэта будзе ўстанова адукацыі, аснашчаная па вышэйшым разрадзе. Грунтоўныя змены чакаюць і мясцовую базавую школу №2, будынак якой пабудаваны больш за паўвека таму. На гэтыя мэты, уключаючы падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі, праўленнем банка запланавана 275 тыс. долараў.
Згодна з данымі начальніка аддзела тэхнагляду пры ўпраўленні адукацыі аблвыканкама Наталлі Васілевіч, з 12 школ вобласці, якія запланавана адрамантаваць у рамках гэтага праекта, цалкам прыведзены ў парадак талочынская СШ №2 і дубровенская СШ №1, часткова – міёрская №3, новапагосцкая Міёрскага раёна і суражская (Віцебскі раён) сярэднія школы.