12 тысяч юных талентаў Прыдзвіння ўзялі ўдзел у абласным конкурсе «Здраствуй, свет!»

12 тысяч юных дарований Придвинья приняли участие в областном конкурсе «Здравствуй, мир!»

Завяршыўся абласны этап II рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Прывітанне, свет!», у якім узялі ўдзел усе раёны вобласці. Хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты змаглі праявіць свае таленты ў эстрадным і харавым спеве, інструментальнай музыцы, харэаграфіі, тэатральным майстэрстве… Намінанты ацэньваліся па 9 намінацыях. Упершыню сёлета ў праекце ўзялі ўдзел тэатры моды, на сцэну выйшлі юныя мадэлі ў строях, створаных пачаткоўцамі-дызайнерамі і майстрыхамі. Заявіць пра сябе маглі як індывідуальныя выканаўцы, так і калектывы, «дэлегаваныя» ад сярэдніх школ, ліцэяў і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Усяго 12 тысяч дзяцей і падлеткаў Віцебшчыны пажадалі сказаць сваё «Прывітанне, свет!».

У падагульняючым канцэрце на сцэне абласной філармоніі выступілі лепшыя з лепшых, якія прайшлі папярэдні адбор у гарадах і раёнах. А гэта амаль 400 навучэнцаў, 23 узорныя калектывы мастацкай творчасці самай рознай накіраванасці. У гэтым калейдаскопе любая юная зорачка хацела ззяць ярчэй за ўсіх, таму кожны нумар адрозніваўся ад іншага і меў сваю «разыначку». Тут можна было ўбачыць і танцуючы духавы аркестр, балет скрыпача і музыкі, пачуць сакральны харавы спеў і многае іншае.

А на другім паверсе філармоніі здзейсніліся мары юных мастакоў і ўмельцаў – там размясцілася выстава работ выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Напрыканцы свята ўдзельнікі, чые выступленні аказаліся самымі яркімі, былі адзначаны дыпломамі I і II ступені. Сярод іх – харэаграфічны ансамбль «Рамонкі», салісты-вакалісты Міхаіл Маскалёў і Ульяна Ражова, тэатр моды «Наш стыль» (усе – выхаванцы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі), наваполацкі хор «Звонкія галасы», юныя спевакі Дар'я Літоўчык і Аляксандр Малашанка з Аршанскага раёна, «Задзірыстыя лыжкары», якія прадстаўлялі Полаччыну, і многія іншыя.

Праўда, пакуль яшчэ журы рэспубліканскага агляду-конкурсу не вызначыла, хто менавіта з гэтых талентаў Прыдзвіння выйдзе ў фінал і паедзе ў канцы сакавіка ад вобласці ў Мінск на заключны гала-канцэрт. Але відавочна адно – у нашым краі расце цэлы россып талентаў.

Наталля РЫЖКОВА, «Віцебскі рабочы». Фота аўтара.