13 снежня 1943 года пачалася наступальная аперацыя войскаў пад назвай Гарадоцкая

13 снежня, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/. 13 снежня 1943 года пачалася наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем генерала арміі Івана Баграмяна ў раёне Гарадка Віцебскай вобласці, якая ўвайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны пад назвай Гарадоцкай аперацыі. Галоўны ўдар наносілі 11-я гвардзейская і 4-я ударная арміі. Мэтай аперацыі было разграміць гарадоцкую групоўку праціўніка, а гэта дзевяць пяхотных і авіяпольных, адна танкавая дывізіі і да васьмі спецыяльных і ахоўных батальёнаў 3-й танкавай арміі, і ліквідаваць пагрозу акружэння 4-й ударнай арміі, якая ўклінілася ў абарону праціўніка на захад ад Гарадка. Сустрэчнымі ўдарамі 11-я гвардзейская і 4-я ударная арміі адрэзалі і 17 снежня знішчылі варожую групоўку на поўнач ад чыгуначнай станцыі Бычыха Мяхоўскага раёна. 24 снежня 11-я гвардзейская армія з боем авалодала моцным апорным пунктам ворага Гарадком. У выніку Гарадоцкай аперацыі былі знішчаны 4, панеслі вялікія страты 7 варожых дывізій, праціўнік быў адкінуты больш чым на 60 км. За паспяхова праведзеную аперацыю дванаццаці савецкім часцям і злучэнням Чырвонай Арміі былі прысвоены ганаровыя найменні "Гарадоцкія".-0-