134 беларускія кампаніі стануць прыватнымі ў 2011-2013 гг.
МIНСК, 15 лютага (БелТА) – Каля 134 прадпрыемстваў уключаны ў праект праграмы прыватызацыі на 2011-2013 гады, паведаміла журналістам 15 лютага дырэктар Фонду Дзяржаўнай маёмасці Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Наталля Жарнасек, перадае карэспандэнт БелТА.
У спіс прадпрыемстваў, якія плануецца прыватызаваць, увайшлі «Беларуснафта», усе заводы сельскагаспадарчага машынабудавання, у тым ліку Мінскі трактарны завод, «Гомсельмаш», Беларускі металургічны завод, «Планар». Прыватызацыя гэтых прадпрыемстваў запланавана на 2013 год.
Наталля Жарнасек паведаміла, што праграма прыватызацыі ўжо распрацавана, яна павінна быць зацверджана ўрадам па ўзгадненні з Прэзідэнтам.
Новая праграма прыватызацыі адрозніваецца ад праграмы 2008-2009 гадоў, якая была накіравана на карпаратызацыю прадпрыемстваў. Згодна з новай праграмай, «першыя два гады мы будзем больш увагі ўдзяляць продажу акцый карпаратызаваных прадпрыемстваў», – сказала дырэктар фонду. Акцыі каля 180 карпаратызаваных прадпрыемстваў будуць выстаўлены на продаж у 2011 годзе, 48 прадпрыемстваў – у 2012 годзе і 20 прадпрыемстваў – у 2013 годзе.
Асноўная праца па карпаратызацыі будзе праведзена ў 2013 годзе, адзначыла Наталля Жарнасек. На 2011-2012 гады запланавана прыватызацыя толькі невялікай колькасці прадпрыемстваў.