14 "чароўных" рэзідэнцый адкрыюцца ў Віцебскай вобласці да зімовых святаў
Віцебскі раён / Тытулаваны чараўнік
У дырэктара Старасельскай СШ ім. В. Краева Вадзіма Секретарёва, які працуе Дзядулям Марозам з 2010 года, мы пацікавіліся, якімі якасцямі павінен валодаць гаспадар Новага года.
– Дабрыня, уважлівасць, цярпенне, знаходлівасць, шчодрасць, рухомасць, акцёрскія здольнасці, – усміхнуўся ў адказ Вадзім Секретарёў. – Кожнае дзіця павінна сысці са свята задаволеным, акрыленым. Малыя, як і раней, вераць у цуды, хіба можна іх расчароўваць?
А вось з дзеткамі старэйшымі трэба трымаць вуха востра, асабліва калі акцёр выконвае ролю адмоўнага героя. Вадзім Секретарёў распавёў, як аднойчы гуляў Мядзведзя. Дзеці так стараліся адабраць у яго снежкі, што, наваліўшыся разам, зламалі руку.
– Мабыць, не трэба было мяняць звыклае амплуа, – пажартаваў суразмоўца. – Бывае, акцёры тэкст забываюць, даводзіцца імправізаваць. Але наогул за гады сумеснай працы ў нас склалася выдатная каманда з ліку работнікаў раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Нездарма мы былі прызёрамі заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу «Елка-фэст». Сёлета выступаем некалькімі складамі, інакш цяжка вытрымаць паўтары-два дзясяткі прадстаўленняў.
Прэм'ера чарговай святочнай праграмы ў аздараўленчым лагеры «Спартакавец» каля в. Барвін, усяго за 5 км ад Віцебска, адбудзецца 18 снежня.
Талачын / Дзед на «Ніве»
Цудоўныя навіны для дзетак з Талачына! Пасля перапынку аднаўляе працу тутэйшая сядзіба Дзядулі Мароза.
Атмасферу, не саступаючую той, што пануе ў рэзідэнцыі ў Белавежскай пушчы, абяцаюць стварыць у Талачынскім раёне на спартыўна-турыстычнай базе «Ніва» ў в. Загароддзе. Урачыстае адкрыццё рэзідэнцыі намечана на 27 снежня. У апошніх падрыхтоўках удзельнічаюць усе арганізацыі раёна: ладзяць ілюмінацыі, закупляюць падарункі. Творчую праграму прадстаўляюць установы культуры і адукацыі. У лясным масіве вельмі чакаюць снегу, каб арганізаваць катанні на санях, лыжах і снегаходзе.
Орша / Шоу ў дэндрапарку
У Копыскім дэндрапарку ў Аршанскім раёне гасцей чакаюць з 22 снежня. У праграме сумеснай праекта ўстаноў культуры райцэнтра і Копысі – тэатралізаваныя і танцавальныя нумары, гульні і майстар-класы з акцэнтам на народных традыцыях. Мясцовыя прадпрыемствы прапануюць прадэгуставаць іх прадукцыю.
Докшыцы / Зімнік і «Паці ў хаце»
Падобны падыход ужывуць у этнакультурным цэнтры «Сядзіба Ветэра» ў Докшыцкім раёне. Асаблівасць тутэйшай рэзідэнцыі заключаецца ў тым, што гаспадарку ў ёй вядзе Дзед Зімнік. Таксама вясёлы чараўнік, завадатар. Ну яшчэ б: фотазона арганізавана проста каля печы, а тэатралізаваная гульнявая праграма называецца «Паці ў хаце».
Траскун з Верхнядзвінска
Сарыгінальнічалі з імёнамі не толькі ў Докшыцах – у дэндрапарку Верхнядзвінскага лясгаса ўладкавана рэзідэнцыя Дзеда Траскуна. Яна пачне прымаць гасцей з 25 снежня.
Паставы / А Зюзя ходзіць басанож
На Пастаўшчыну тры гады як вярнуўся Зюзя Паазерскі. Хто кажа, што гэта прапрадзед Дзядулі Мароза, хто лічыць яго беларускім богам зімы. А яшчэ вядома, што гэты брэнд запатэнтаваны дырэктарам ААА «Цэнтр турысцкіх паслуг» Ягорам Шушкевічам, а ён з году ў год уваходзіць у вобраз Зюзі Паазерскага.
– Згодна з беларускай міфалогіяй гэты персанаж ходзіць басанож, з непакрытай галавой, – растлумачыў Ягор Шушкевіч. – У руках у яго – чароўная булава, якой ён наганяе снег і мяцеліцу, пастукае па вуглах хат. Я стараюся адпавядаць такім уяўленням. Праўда, са снегам і халадамі не вельмі атрымліваецца (смяецца. – Заўв. аўт.).
Прэм'ера навагодніга прадстаўлення «Да Зюзі з Баем усіх чакаем» адбудзецца ў спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі» на беразе возера Белае ўжо 14 снежня. У беларускамоўнай праграме – экскурсія па казачнай сцежцы, знаёмства з незвычайнымі персанажамі, карагоды, конкурсы, падарункі.
Лепель / Запаведны Мароз
Надзвычай папулярная рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. «Навагодняя казка ў Бярэзінскім» стартуе 14 снежня. Яе фішка – магчымасць палюбавацца жыхарамі ляснога заапарка і заапарка хатніх жывёл. Тут можна правесці ўвесь дзень. Аніматары арганізуюць карагоды, забавы, творчыя майстэрні, катанні на конях. Вельмі дарэчы комплексны абед ці бліны. Кожны наведвальнік з'язджае са салодкім падарункам.
Полацк / Проста космас
Рэкорд наведвальнасці летась устанавіла Полацкая рэзідэнцыя Дзеда Мароза: больш за 2 тыс. чалавек.
Сёлета, у 10-ы, юбілейны год, арганізатары настроены пабіць яго.
Праграма «Новы год – проста космас» стартуе 13 снежня. Амаль штодня да 5 студзеня будзе арганізавана па два прадстаўленні на дзень. Асноўная частка праграмы праходзіць на вуліцы, у лясным масіве на ўскраіне Полацка. Затым Дзед Мароз і Снягурка запрашаюць гасцей пагрэцца і пагуляць у сваіх апартаментах.
– Мы ў трэндзе, – смела заяўляе дырэктар ЦДіМ Ірына Гаўрыльчык. – У гэтым мы змаглі пераканацца, калі летась нашу творчую каманду запрасілі выступаць у галоўнай рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза – Белавежскай пушчы. Мы годна прадставілі інтэрактыўную аўтарскую праграму.
Бешанковічы, Сенна, Ушачы, Шуміліна / Дзе і калі?
Навагоднія чараўнікі чакаюць дзяцей у сядзібе Дзеда Мароза ў Бешанковічах. Яна адкрыецца 20 снежня ў выставачнай зале – мяшчанскім доме канца XIX стагоддзя. У Сянне – у парку 40-годдзя Перамогі 26 снежня, у дендрапарку Ушацкага лясніцтва – 21-га. На цэнтральным стадыёне ў Шуміліне – 29-га.
Гарадок / Адзіная Снягурка
Адзіная рэзідэнцыя Снягурачкі знаходзіцца побач з лыжаролернай трасай у Гарадку, на таямнічым Бас-востраве паміж двума азёрамі. Казачную атмасферу тут ствараюць работнікі ўстаноў культуры. Сёлета на шляху да доміка гаспадыні з'явяцца новыя дэкарацыі, ілюмінацыі і фотазоны.
– Першае прадстаўленне «Страчаны пін-код, або У пошуках Новага года» адбудзецца 16 снежня, – расказала выканаўца ролі Снягурачкі, загадчык метадычным аддзелам ЦТК і НТ Таццяна Аўсянка. – Праграма ўяўляе сабой займальны квэст з удзелам арыгінальных персанажаў. Шчыра запрашаю!
У большасці выпадкаў прадстаўленні ў рэзідэнцыях Дзеда Мароза арганізуюць у маляўнічых месцах на свежым паветры. Праходзяць яны напярэдадні і на працягу зімовых канікул. Як правіла, трапіць на іх можна па папярэднім запісе ў складзе арганізаваных груп. У госці да чараўнікоў едуць жыхары не толькі нашай вобласці, але і суседніх Мінскай і Магілёўскай, а таксама з Расіі, Латвіі.