15 траўня стартуе рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла – 2021»
У Міжнародны дзень сям'і ў рэгіёнах краіны стартуе прыём заявак для ўдзелу ў папулярным маладзёжным сельскагаспадарчым праекце. За званне «Уладар сяла – 2021» змогуць пазмагацца маладыя сем'і з дзецьмі, якія пражываюць больш за тры гады ў сельскіх населеных пунктах. Безумоўна, кожная сям'я павінна не толькі працаваць у сельскай мясцовасці, але і весці асабістую падсобную гаспадарку. Хочацца звярнуць таксама ўвагу на ўзроставы парог дарослых удзельнікаў конкурсу – хаця б аднаму з сужэнцаў павінна быць не больш за 31 год на дзень удзелу ва ўсіх турах праекта. Свае заяўкі для ўдзелу ў праекце неабходна накіроўваць у раённыя камітэты БРСМ па месцы жыхарства. Ужо 15 чэрвеня даведаемся імёны прэтэндэнтаў на ўдзел у абласных турах.
– «Уладар сяла» накіраваны на папулярызацыю сельскагаспадарчай працы і побыту, а таксама павышэнне ролі і значэння сям'і як найважнейшага сацыяльнага інстытута грамадства, фарміраванне ў моладзі пазітыўнага стаўлення да традыцыйных сямейных каштоўнасцей, садзейнічанне замацаванню маладых сем'яў на сяле, – падкрэсліў першы сакратар абласной арганізацыі БРСМ Уладзімір Бабічаў.
Дарэчы, у Міжнародны дзень сям'і на Віцебшчыне таксама будзе дадзены старт праекту абласнога сямейнага сельскагаспадарчага марафону «Сямейныя старты», які ўключае ў сябе: запіс відэа ўдзельнікаў праекта «Уладар сяла» розных гадоў, сем'і раскажуць, што ім даў праект. Адкрыты дыялог «Уладар сяла: учора, сёння, заўтра!» з удзельнікамі праекта розных гадоў, і ўдзельнікамі новага сезона праекта. Спартыўныя спаборніцтвы для сем'яў, а таксама закладка алей сямейных дрэў з удзельнікамі праекта «Уладар сяла», старт сямейных традыцый новых сем'яў-удзельніц праекта. Напрыклад, у Оршы (у дзіцячым парку «Казкавая краіна») у рамках раённай акцыі «Мая сям'я – маё здароўе» першы сакратар Аршанскага РК ГА «БРСМ» раскажа пра праект, адзначыць сем'і-удзельніцы мінулых гадоў. Усіх прысутных будуць чакаць канцэрт творчых калектываў і тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі розных службаў раёна.
Па словах Уладзіміра Бабічава, абласны этап праекта запланаваны на 18 чэрвеня 2021 года ў Пастаўскім раёне. Месца правядзення выбрана не выпадкова. У 2020 годзе пераможцам рэспубліканскага праекта «Гаспадар сяла» стала сям'я Зубко з Пастаў. Рэспубліканскі этап адбудзецца ў рамках мерапрыемстваў рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») 9-10 ліпеня 2021 года (аг. Александрыя, Шклоўскі р-н, Магілёўская обл.).