15 маладзёжных праектаў прадставяць Віцебшчыну на рэспубліканскай выставе «100 ідэй для Беларусі» (+фота)
Шчыра прызнацца, некаторыя школьнікі проста паражалі
сваімі ідэямі, ведамі і маштабнасцю думкі. Некаторыя прадстаўленыя
тэхналогіі неадукаваным былі зразумелыя толькі ў агульных рысах, але з якім
захапленнем пра іх распавядалі падлеткі!
Такім чынам – увага: моладзь прапануе праекты
«Сонечны калектар», «Мадыфікацыя тканін полівінілавым спіртам», «Бібліятэка
параўнання 3D-мадэлей для САПР сістэмы компас 3D», «Прылада актыўнай УФА
фільтрацыі паветра», «Мабільная робататэхніка», «Handmade: тэлескоп-рэфрыжэратар»,
«Акупунктурная дыягностыка і фармакалагічная карэкцыя печаначнай
недастатковасці ў жывёл». Уражвае? Мяне – так, адназначна. Як і
распрацоўка «Мадыфікацыя чэмпіянату Беларусі па хакеі на аснове камп'ютарнай
гульні NHL 09» Рамана Анісковіча з Глыбоцкага раёна.
Яшчэ адзін школьнік з Глыбокага Вадзім Рудак прапануе перанесці ўвесь комплекс падручнікаў для аднаго класа ў смартфон, для чаго распрацаваў спецыяльнае дадатак. Не трэба цягаць горы кніг у заплечніку, дастаткова гаджэта. А вось навучэнец Віцебскага політэхнічнага каледжа Марк Малахоўскі турбуецца за педагогаў, таму прапанаваў сістэму аўтаматызаванага правядзення апытанняў «QuizMaster», якая дазваляе спрасціць працэс праверкі ведаў навучэнцаў.
Падобныя праекты могуць прыносіць рэальны даход
моладзі і несумненную карысць краіне. Менавіта таму сёння адна з задач – сфарміраваць новае пакаленне даследчыкаў, якія запатрабаваны ў рэальным сектары эканомікі. Усё большы інтарэс да ідэй моладзі ў сферы інфармацыйных тэхналогій праяўляе і бізнес. За гэтым будучыня, ні ў кога ўжо няма сумневаў.Што тычыцца праекта «100 ідэй для Беларусі», то, як адзначыла старшыня цэнтральнай камісіі па кантролі БРСМ Алеся Віннік, яго мэта – выявіць такую моладзь і дапамагчы ёй рэалізаваць праект. Нездарма абласная выстава ў гэты раз размясцілася на базе РВУП «Віцебскэнерга», менавіта тут адным з першых быў укаранёны маладзёжны праект «Аўтаматызацыя сістэмы ўліку перамяшчэння электралічыльнікаў».
Як адзначыў дырэктар філіяла «Энергазбыт» Генадзь Ціценка, сёння вынікі кожны можа ўбачыць у сябе дома на прыборы ўліку электраэнергіі, дадзены вопыт быў прэзентаваны ў Мінэнерга і распаўсюджаны ў іншых абласцях.
– БРСМ не перастае здзіўляць, цікавых работ шмат, адчуваецца, што рабяты падрыхтаваны, уклалі ў свае праекты душу, гатовыя іх прасоўваць. Праект «100 ідэй для Беларусі» фактычна з'яўляецца пляцоўкай, дзе моладзь можа сябе праявіць і ў наступным зарабіць, – падзяліўся ўражаннямі ад наведвання выставы намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін. – Мы бачым патэнцыял новага пакалення, ён для нас важны. Аблвыканкам будзе падтрымліваць такія ідэі і мэтаваленакіравана з імі працаваць. Яны могуць быць укаранёны ў эканоміку. Але ёсць і сацыяльныя праекты. З імі складаней, у іх трэба ўкладваць грошы, шукаць такіх жа неабыякавых людзей. У цэлым магу сказаць, што ў нас выдатная моладзь, яна неабыякавая, гэта самае галоўнае.
Мабыць, менавіта неабыякавасць – у аснове развіцця ўсяго, што нас акружае. Маладыя людзі імкнуцца – калі хочаце, у сілу свайго юнацкага максімалізму – палепшыць свет.
Напрыклад, рэалізуючы праект па роспісе сцен «Моладзь – гораду!», прапаноўваючы перанесці вядомыя палотны мастакоў, малюнкі дзяцей і элементы беларускай сімволікі на будынкі Віцебска. Або займаючыся прафілактычнай працай з падлеткамі з групы рызыкі праз трэнінгавыя заняткі. Або арганізаваўшы студыю дублявання замежных мультфільмаў на беларускую мову «Дзеці – будучыня мовы!» (дарэчы, гэтаму праекту з Шаркаўшчынскага раёна дастаўся спецыяльны прыз ад «Віцебскіх вестак»).
Нельга не пагадзіцца са словамі вядомага палітыка Бенджаміна Дзізраэлі, якога працытаваў член экспертнага савета, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў: «Усё вялікае зроблена маладымі». Так што, думаецца, імёны аўтараў прадстаўленых праектаў мы яшчэ не раз пачуем.
Вольга Маслоўская. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. «Віцебскія весці».