17 млн рублёў выдзелена на падрыхтоўку Браслава да абласных «Дажынак-2019». Па асваенні сродкаў лідзіруе адукацыя

Першае ў гэтым годзе пасяджэнне штаба па падрыхтоўцы да фестывалю-кірмашу «Дажынкі» было прысвечана абмеркаванню ходу выканання раней намечаных работ, узгадненню графіка іх правядзення з арганізацыямі і прадпрыемствамі Браслаўскага раёна. 

У рэжыме анлайн кіраўнікі раённых службаў дакладвалі старшыні райвыканкама Аляксандру Баданіну, што ўжо зроблена, разам вызначалі, на якіх аб'ектах у бліжэйшы час трэба засяродзіць сілы, зрабіць тое, што не патрабуе сур'ёзных фінансавых затрат і вырабу праектаў.

Размова ішла пра аўтобусныя прыпынкі, малыя архітэктурныя формы, указальныя знакі, стварэнне парку камянёў, рамонт у прыватным сектары. Аб'яднаўшы намаганні, гаспадары дамоў і камунальная служба перакрываюць дахі, фарбуюць фасады і агароджы, прыводзяць у парадак гаспадарчыя пабудовы.

 Што тычыцца буйных аб'ектаў, то цяпер на іх бягучы або капітальны рамонт, будаўніцтва рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя, праводзяцца працэдуры па выбары падрадчыкаў, а дзе-нідзе ўжо пачаты работы. Большасць планаў браслаўчан знайшла падтрымку ў вышэйстаячых інстанцыях, што адбілася на фінансаванні — без малога 17 млн рублёў выдзелена на падрыхтоўку да свята працаўнікоў вёскі.

17 млн рублёў выдзелена на падрыхтоўку Браслава да «Дажынак»

Найбольш сур'ёзныя асігнаванні будуць накіраваны ў сферу адукацыі (4,7 млн руб.), аховы здароўя (2 млн), на стварэнне новай зоны адпачынку ўздоўж пляжу і «Брукоўкі» (2 млн), будаўніцтва ФАК (2 млн), прывядзенне ў парадак жыллёвага фонду (1,8 млн), добраўпарадкаванне горада і яго вулічна-дарожнай сеткі, рамонт устаноў сацыяльнай сферы і адміністрацыйных будынкаў.

Акрамя таго, запланавана набыццё абсталявання для школ і дзіцячых садкоў, некалькіх школьных аўтобусаў.

У асваенні выдзеленых сродкаў лідзіруе на дадзеным этапе аддзел па адукацыі райвыканкама

 Ужо летась ён пачаў капітальны рамонт СШ №2 і дзіцячага садка №3. У школе была заменена частка вокнаў, па-новаму аформлена фае, пачаты рамонт класаў.

У 2019-м, са словамі начальніка аддзела Івана Абаровіча і дырэктара навучальнай установы Анатоля Невяркоўча, генпадрадчык «Полацксельбуд» пачаў рэалізацыю распрацаванага праекта рамонтных работ на гэты год. Працягваецца абнаўленне даху, пачаты работы ў спартыўнай і актавай залах, кабінетах, з'явяцца залы рытмікі і адзінаборстваў.

Самыя значныя змены плануюцца на прышкольнай тэрыторыі. Тут з'явяцца тры спартыўныя пляцоўкі: адна з іх шматфункцыянальная — можна будзе гуляць у валейбол і баскетбол, другую абсталююць вулічнымі трэнажорамі, для вывучэння дзецьмі ПДР з'явіцца аўтагарадок, для аматараў гімнастычных практыкаванняў — воркаут-пляцоўка. Перад цэнтральным уваходам, які таксама пераробяць, і на бакавых дарожках замест асфальтаванага пакрыцця ўкладзуць плітку.

Са словамі Анатоля Невяркоўча, агульны кошт праекта складае каля 1,5 млн рублёў.

— Мы сапраўды станем «Школай будучыні», дзе для вучняў будуць створаны ўсе ўмовы. Ужо набыта абсталяванне для кабінетаў хіміі, камп'ютарны і лінгафонны класы, кабінет працоўнага навучання, новая аснастка з'явіцца практычна ва ўсіх кабінетах, што будзе спрыяць павышэнню якасці навучання.

Летась былі пачаты работы і ў дзіцячым садзе №3, на капітальны рамонт якога выдзелена 1,8 млн руб. Уцяплілі сцены, адрамантавалі дах, на першым паверсе цёплымі сталі падлогі, купілі новыя ложкі, гульнявыя пляцоўкі. Летам будучага года маленькія браслаўчане змогуць атрымліваць асалоду ад новых умоў у поўным аб'ёме.

Яшчэ на стадыі распрацоўкі канцэпцыі мясцовая ўлада прыняла рашэнне выкарыстоўваць раённыя і выдзеленыя вобласцю грошы з улікам далейшай перспектывы — надаць Браславу свой, толькі яму характэрны твар, павысіць камфорт гарадскога жыцця. З гэтай мэтай на пасяджэнне штаба была запрошана дызайнерская арганізацыя «Мастак-сэрвіс», дырэктар якой азнаёміў прысутных з прапановамі спецыялістаў па афармленні райцэнтра.

Маштаб работ патрабуе і ад штаба ўзмацнення кантролю за ходам і своечасовасцю іх правядзення, каардынацыі сіл і сродкаў выканаўцаў. Час спяшае ўсіх.

"Віцебскія весці".