Да канца года ў Віцебскай вобласці створаць 17 рабочых месцаў для інвалідаў

У гэтым годзе ў Віцебскай вобласці запланавана стварэнне 17 рабочых месцаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

З 2009 года ў Беларусі з'явілася магчымасць фінансавання рабочых месцаў, якія ствараюцца для інвалідаў, з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

– Найманні аплачваюць выдаткі на стварэнне рабочых месцаў, кампенсуюць затраты за ўжо наяўныя або захаваныя вакансіі для інвалідаў, выдаткі на адаптацыю да працоўнай дзейнасці. Акрамя гэтага, людзям з абмежаванымі магчымасцямі прадастаўляецца субсідыя на арганізацыю прадпрымальніцкай, рамеснай і дзейнасці ў сферы аграэкатурызму, – паведаміла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама – начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Ірына Мацвеева.

Паколькі фінансаванне ўведзена ў 2009-м, то 2010 год стаў у гэтым найбольш паказальным. На Віцебшчыне было створана 67 рабочых месцаў (больш за 103% да задання), прычым не толькі на прадпрыемствах грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў, але і ў арганізацыях бюджэтнай сферы. Прымяненне сабе знайшлі ўладальнікі дыпломаў: аператар ПЭВМ, бухгалтар, прадавец, абуўшчык, майстар дрэваапрацоўкі, вырабшчык мастацкіх вырабаў з керамікі, швачка і іншых.

Спецыялісты ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гаррайвыканкамаў пастаянна шукаюць новыя шляхі забеспячэння занятасці і працаўладкавання людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Так, на 1 студзеня 2017 г. на ўліку ў службах занятасці вобласці стаяла 237 інвалідаў. За восем месяцаў у якасці беспрацоўных зарэгістравана 490 інвалідаў, 205 працаўладкавана, у тым ліку 91 чалавек за кошт брані (усяго заброніравана 288 рабочых месцаў).

Для павышэння канкурэнтаздольнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі на рынку працы іх накіроўваюць на навучанне і перападрыхтоўку. Новыя спецыяльнасці – аператар катла, аператар ПЭВМ, бухгалтар і іншыя – за 8 месяцаў атрымалі 22 інваліда.

Ірына Мацвеева адзначыла, што ўсё часцей людзі з абмежаванымі магчымасцямі сталі працаўладкоўвацца на часовыя работы. За студзень – жнівень 46 чалавек удзельнічалі ў аплатных грамадскіх работах.

Дзяржава толькі вітае жаданне інваліда адкрыць уласную справу. Служба занятасці аказвае кансультатыўную, метадычную і бязвыплатную фінансавую падтрымку ў выглядзе субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці грамадзянам, зарэгістраваным у якасці беспрацоўных ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

– Усё часцей для сваёй справы людзі выбіраюць рамяство. Гэта нядзіўна, бо сёння занятак рамяством – найбольш даступнае працаўладкаванне з самымі малымі камерцыйнымі рызыкамі. Калі за 2016 год субсідыі на гэтыя мэты аказалі 5 беспрацоўным, то ўжо чацвярым толькі за 8 месяцаў 2017-га, – падкрэсліла Ірына Віктараўна.

Адны робяць усё, што можна вырабіць з дрэва: студні, лаўкі, навесы, альтанкі, розны інвентар для ўтрымання птушак, жывёл, пчол і іншае. Нехта займаецца ткацтвам, шыццём, вязаннем, робіць мяккія цацкі, дэкаратыўныя прадметы і аксэсуары з тканіны, скуры і іншых матэрыялаў, іншыя бяруць у рукі молат і зарабляюць кавальскім рамяством.

– Магчымасці атрымання прэферэнцый ад дзяржавы маюцца, ва ўсім астатнім вялікую ролю адыгрывае чалавечы фактар, – адзначыла Ірына Мацвеева. – Важна, каб жаданні і магчымасці людзей з інваліднасцю, спецыялістаў службы занятасці і наймальнікаў супадалі. Менавіта ў гэтым залог поспеху па інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадства.

"Віцебскія весці".