20 лютага спаўняецца 40 гадоў Мастацкай галерэі Полацка

Турыст не засумуе ў старажытным Полацку. Ды і мясцовых жыхароў падсілкоўваюць не толькі «сказаніі даўніны глыбокай». Сорак гадоў таму, 20 лютага 1981 года, у горадзе расчыніла дзверы Мастацкая галерэя, дзе прадстаўлена мастацтва розных эпох.


Дзесяць гадоў галерэя размяшчалася ў будынку Богаяўленскага сабора. У 1992 годзе перабралася ў Музей беларускага кнігадрукавання, а з 2002-га размяшчаецца ў корпусе былога езуіцкага калегіума.

«У галерэі праходзіць больш за 20 выстаў у год. Экспазіцыі вельмі разнастайныя. Мы стараемся паказаць жывапіс, графіку, скульптуру розных часавых перыядаў. Актыўна супрацоўнічаем з беларускімі і замежнымі музеямі ў фармаце абменных выстаў», — распавядае загадчыца Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ларыса Лысенка.

Чатыры міжнародныя біенале акварэлі «Вада + Фарба», якія праходзілі ў галерэі ў 2007—2013 гадах, збіралі дзясяткі мастакоў з многіх краін. У 2017-м тут быў арганізаваны пленэр друкаванай графікі, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Аналагаў гравёрнай майстэрні галерэі няма ні ў адной краіне свету. Наведвальнікі могуць уласнаручна выразаць або надрукаваць з гатовай дошкі гравюру з кніг Францыска Скарыны, сямейны знак, экcлібрыс.

У гонар круглай даты Мастацкай галерэі Полацка пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў рыхтуецца экспазіцыя па матывах мінскай выставы «Трыенале сучаснага мастацтва». На ёй будзе прадстаўлена больш за 90 работ — жывапіс, графіка, фотаздымкі, скульптура.