200-годдзе з дня нараджэння мастака Івана Хруцкага адзначаюць сёння ў Віцебску

8 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Мерапрыемствы ў гонар 200-годдзя з дня нараджэння выдатнага жывапісца сярэдзіны XIX стагоддзя, ураджэнца Віцебшчыны, які атрымаў сусветную вядомасць, Івана Хруцкага пройдуць сёння ў Мастацкім музеі ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гэтай установе культуры. Урачыстасць адкрые святочны вечар, на якім пра найбольш яркія перыяды жыцця і творчасці Івана Хруцкага раскажуць мастацтвазнаўцы і мастакі. Затым адкрыецца выстава работ мастакоў, удзельнікаў пленэраў памяці мастака. У экспазіцыі 60 жывапісных і графічных работ, якія захоўваюцца ў фондах музея. Удзельнікі святочных мерапрыемстваў змогуць не толькі пазнаёміцца з творчасцю прыхільнікаў знакамітага майстра, але і ўбачыць яго работы, якія займаюць ганаровае месца ў пастаяннай экспазіцыі музея: нацюрморт 1830-х гадоў - найбольш яркага перыяду ў жыцці і творчасці мастака, партрэт невядомай 1840-х гадоў і рэдкая праца 1860-х гадоў - нацюрморт, напісаны ў маёнтку Івана Хруцкага ў Захарнічах пад Полацкам. Юбілей Івана Хруцкага ўключаны ў спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2010 год. Майстар увайшоў у гісторыю сусветнага жывапісу як заснавальнік класічнага нацюрморта і аўтар шматлікіх партрэтаў, пейзажаў і інтэр'ераў у традыцыях акадэмічнай школы. Яго эфектныя кампазіцыі, на якіх прадметы выпісаны з ілюзіяністычнай дакладнасцю, мелі велізарны поспех у публікі і выклікалі ў свой час хвалю перайманняў.-0-