21 ліпеня ў Свята-Успенскім саборы ў Віцебску асвяцілі сяміметровы паклонны крыж, які будзе ўстаноўлены ў Севастопалі

Фільм, зняты пра нашых землякоў-маракоў, атрымаў назву «Беларускі Севастопаль». Як жа так, гэта ж расійскі горад, спытаеце вы? Усё справа ў тым, што ў лёсе Севастопаля падчас Крымскай вайны 1853-56 гадоў, іншых баявых бітвах, ды і сёння вялікая роля належыць маракам, ураджэнцам Беларусі. Нездарма зараз там можна прайсціся па вуліцах пад назвамі Віцебская, Мінская, Магілёўская і Брэсцкая. Дарэчы, і цяперашні камандуючы Чарнаморскім флотам віцэ-адмірал Аляксандр Вітко родам з Віцебска. У нас няма мора, але людзей, поўных мужнасці і патрыятызму, якія прысвяцілі сябе служэнню флоту, дастаткова. Плячом да пляча з расіянамі і ўкраінцамі. Гэта добра вядома арганізатарам акцыі «Марское братэрства – непарушнае!», якая стартавала яшчэ ў 2011 годзе.

Узнавіць гісторыю Чарнаморскага флоту і расказаць пра беларусаў-маракоў узяўся член цэнтральнага савета Усерасійскай грамадскай арганізацыі марской пяхоты «Тайфун» Арсеній Крыцкі. Знайшліся зацікаўленыя людзі, якія прыйшлі на дапамогу. Вынік праведзенай працы па ўвекавечанні памяці беларускіх маракоў можна было ўбачыць днямі ў Мінску на выставе, прадстаўленай падчас прэс-канферэнцыі арганізатараў акцыі «Марское братэрства – непарушнае!». Наступны этап прымеркаваны да Дня ваенна-марскога флоту і 1025-годдзя хрышчэння Русі. 29 ліпеня ў Нахімаўскім раёне Севастопаля на Паўлаўскім мысе ўсталююць паклонны крыж. З удзелам архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя адбылося яго асвячэнне ў Свята-Успенскім кафедральным саборы. У Севастопалі сяміметровы крыж, выраблены з беларускай сасны, будзе бачны ўсім караблям, якія праходзяць міма. Ён нагадае пра тое, што да перамогі прыводзіць мужнасць і адзінства. На прамой сувязі з удзельнікамі прэс-канферэнцыі быў намеснік камандуючага Чарнаморскім флотам капітан 1 рангу Юрый Арэхоўскі. Ён адзначыў, што месца для ўстаноўкі гатова і ў Севастопалі з нецярпеннем чакаюць беларускую дэлегацыю.

Дарэчы, Прыдзвінне стала радзімай многіх, хто прысвяціў сваё жыццё мору. Адзін толькі невялікі пасёлак Асвея ў Верхнядзвінскім раёне падарыў флоту восем старэйшых афіцэраў і чатыры падводнікі. Пра гэта паведаміў кавалер Ордэна Чырвонай зоркі капітан 1 рангу ў адстаўцы падводнік Васіль Рудой, які цяпер жыве на беразе другога па велічыні ў Беларусі возера Асвейскага. І добрыя традыцыі працягваюцца: Васіль Іосіфавіч стаў заснавальнікам першага ў краіне клуба юных маракоў «Гардэмарыны». Як паведаміў Арсеній Крыцкі, каб захаваць памяць аб мінулым і расказаць пра яго будучым пакаленням, у Віцебску плануецца стварыць музей ваенна-марскога флоту.  

Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"