21 мая – Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу

Міжнародны дзень памяці людзей, памерлых ад СНІДу, праводзіцца штогод у трэцюю нядзелю траўня ў многіх краінах свету.

Гэты дзень быў абазначаны ў календары роўна 40 гадоў таму − у 1983 годзе. Тады ж людзі сталі прымацоўваць на адзенне чырвоную стужку, каб выказаць сваю салідарнасць з тымі, каго закранула праблема ВІЧ/СНІДу, і мерамі, накіраванымі на зніжэнне стыгмы і дыскрымінацыі ў дачыненні да людзей, якія жывуць з ВІЧ. Гэтая стужка стала міжнародным сімвалам барацьбы са СНІДам. У той час грамадства мала ведала пра ВІЧ-інфекцыю. З-за страху перад новай невядомай хваробай і дэфіцыту навукова даказанай інфармацыі з'явілася мноства міфаў. Менавіта тады ВІЧ-інфекцыю ахрысцілі «чумой», людзей з станоўчым ВІЧ-статусам сталі называць «ахвярамі СНІДу» і гэтыя вызначэнні аказаліся надзвычай «жывучымі».

Першапачаткова гэты дзень быў названыInternational AIDS Candlelaight Memorial (candlelight memorial ceremony – мемарыяльная цырымонія запальвання свечак). У назве няма слова «ахвяры» − яно з'явілася з часам, як інтэрпрэтацыя назвы дня і страху перад новым захворваннем.

Шмат гадоў паміж вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) і смерцю стаяў знак роўнасці. У цяперашні час дзякуючы дасягненням сучаснай медыцыны, ВІЧ-інфекцыя стала хранічным захворваннем, якое паддаецца кантролю: антырэтравірусная тэрапія запавольвае развіццё ВІЧ-інфекцыі і дае людзям з ВІЧ магчымасць жыць паўнавартасным жыццём. На сённяшні дзень усе пацыенты з ВІЧ-інфекцыяй у нашай краіне атрымліваюць тэрапію бясплатна. Таму мы не гаворым «ахвяры», у гэты дзень мы ўспамінаем людзей, памерлых ад СНІДу.

Згодна са статыстыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сёння на планеце жыве каля 40 мільёнаў людзей з ВІЧ-станоўчым статусам, з пачатку эпідэміі больш за 40 мільёнаў чалавек памерлі ад хвароб, звязаных з ВІЧ-інфекцыяй.

У Рэспубліцы Беларусь з дыягназам «ВІЧ-інфекцыя» пражываюць больш за 24 тысячы чалавек. Штогод у краіне рэгіструецца каля 2 тысяч новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Найбольшая колькасць новых выпадкаў уапошнія гады рэгіструецца сярод людзей ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў, пераважае полавы шлях перадачы ВІЧ, які складае больш за 80%.

Па стане на 1 мая 2023 года ў Віцебскай вобласці 1406 чалавек жывуць з ВІЧ, 461 чалавек памёр.

У вобласці пераважае полавы шлях перадачы – 83% (за ўвесь перыяд назірання). Самыя высокія паказчыкі захворвання ў цяперашні час у узроставых групах 30 – 39 гадоў (35%) і 40 – 49 гадоў (30%).

Асноўныя ідэі Міжнароднага дня памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, заключаны ў падтрымцы і салідарнасці з супольнасцю людзей, закранутых праблемай ВІЧ-інфекцыі, у аб'яднанні і падтрымцы намаганняў дзяржаўных, грамадскіх і міжнародных арганізацый у процідзеянні эпідэміі ВІЧ-інфекцыі.

У 2023 годзе Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, пройдзе 21 мая пад лозунгам: «Распаўсюджвайце любоў і салідарнасць, а не ВІЧ», іншымі словамі «Дарыце любоў, а не ВІЧ». З мэтай прыцягнення ўвагі грамадства да праблемы ВІЧ-інфекцыі, у знак падтрымкі і салідарнасці ў гэты дзень арганізуюцца мерапрыемствы, у храмах праходзяць памінальныя набажэнствы. 

У нашай вобласці паўсюдна пройдуць масавыя мерапрыемствы, акцыі па прыцягненні да тэсціравання на ВІЧ, інфармацыйныя акцыі ва ўстановах, на прадпрыемствах, на гарадскіх пляцоўках пры удзеле аддзелаў выканаўчых камітэтаў, абласных/занальных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, устаноў аховы здароўя і грамадскіх арганізацый.

Запрашаем усіх зацікаўленых і неабыякавых далучыцца да арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага Дня памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу. 

ДУ «Віцебскі абласны цэнтр гігіены,
эпідэміялогіі і грамадскага здароўя»
аддзел прафілактыкі ВІЧ/СНІД