22 сакавіка - Сусветны дзень водных рэсурсаў
Ідэя святкавання Сусветнага дня водных рэсурсаў была высунута ў 1992 годзе на Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і развіцці ў Рыа-дэ-Жанейра. У сваёй рэзалюцыі 47/193 ад 22 снежня 1992 года Генеральная Асамблея пастанавіла абвясціць 22 сакавіка кожнага года Міжнародным днём водных рэсурсаў, які пазней быў перайменаваны ў Сусветны дзень водных рэсурсаў і які адзначаецца з 1993 года.
У снежні 2003 года Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый абвясціла 2005–2015 гады Міжнародным дзесяцігоддзем дзеянняў ”Вада для жыцця“.
У снежні 2010 года Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый абвясціла 2013 год Міжнародным годам воднага супрацоўніцтва.
У мэтах рэалізацыі двухбаковых пагадненняў у галіне аховы трансгранічных рэк і згодна з загадам Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 17.08.2011 г. № 341-АД ”Аб правядзенні назіранняў за станам паверхневых вод на трансгранічных участках водатокаў Рэспублікі Беларусь“ маніторынг паверхневых вод на трансгранічных участках водных аб'ектаў вобласці арганізаваны ў 5 пунктах назіранняў. На межах з Расійскай Федэрацыяй і Латвіяй назіранні ажыццяўляюцца ў 5 пунктах, 4 з якіх размешчаны ў басейне р. Заходняй Дзвіны (р. Заходняя Дзвіна 0,5 км вышэй н.п. Суража, р. Усвяча 0,5 км вышэй н.п. Навасёлкі, р. Каспля ля н.п. Сураж 0,5 км ад вусця, р. Заходняя Дзвіна 0,5 км ніжэй н.п. Друя) і 1 пункце – у басейне ракі Дняпро (рака Дняпро ў межах н.п. Сарвіры). Дадзеныя пункты назіранняў уключаны ў Дзяржаўны рэестр пунктаў назіранняў Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь. Дадаткова ў рамках беларуска-расійскага Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне аховы і рацыянальнага выкарыстання трансгранічных водных рэсурсаў вядуцца назіранні за станам 10 трансгранічных рэк і 18 азёр на мяжы з Расійскай Федэрацыяй.
Віцебская вобласць размешчана на тэрыторыі басейнаў трох рэк – Нёман, Дняпро і Заходняя Дзвіна.
Па колькасці водных аб'ектаў вобласць займае першае месца ў рэспубліцы, на яе тэрыторыі размешчана каля 1.8 тысяч азёр агульнай плошчай больш за 900 км2, 16 вадасховішчаў, дзве вялікія рэкі – Заходняя Дзвіна і Дняпро, звыш 5.0 тысяч малых рэк агульнай працягласцю 9037 км, у тым ліку трансгранічныя водныя аб'екты.
Аб'ём рачнога сцёку ў 2011 годзе склаў па вобласці 18,2 км3/год (2 месца ў рэспубліцы пасля Гомельскай вобласці). Забор рэчных вод для выкарыстання склаў 0,1 км3/год (2 месца ў рэспубліцы пасля Брэсцкай вобласці).
Рэсурсы падземных вод Віцебскай вобласці па стане на 01.01.2012 г. складаюць 3,36 км3/год (2 месца ў рэспубліцы пасля Мінскай вобласці). Эксплуатацыйныя запасы – 0,33 км3/год. Здабыча падземных вод для выкарыстання ў 2012 годзе па вобласці склала – 0,106 км3/год (у 2005 годзе – 0,13 км3/год). Выкарыстанне свежай вады на гаспадарча-пітныя патрэбы знізілася за гэтыя гады з 0,08 км3/год да 0,05 км3/год.
Карыстальнікі водных рэсурсаў вобласці маюць на сваім балансе 5317 водазаборных свідравых. Адсотак аснашчэння дзейных крыніц водазабеспячэння водавымяральнымі прыладамі складае 99,7%. У мэтах зніжэння ўзроўню забруджвання падземных вод з 2009 года затампанавана 177 водазаборных свідравых.
На тэрыторыі Віцебскай вобласці разведана 25 радовішчаў мінеральных падземных вод. З іх распрацоўваюцца 9 радовішчаў: Бегамльскае (г. Бегамль Докшыцкі раён), Лясное (п. Лясное Докшыцкі раён), Бароўка (в. Бароўка Лепельскага раёна), Расінка (в. Пераброддзе Мёрскі раён), ЧКПУП ”Ушацкі агароднінасушыльны завод“ (г.п. Ушачы), Лукомльскае (г. Новалукомль Чашніцкі раён), Лётцы (в. М. Лётцы Віцебскі раён), філіял ААТ ”Крыніца“ ”Полацкае піва“ (г. Полацк), Віцебскае (г. Віцебск).
У вобласці налічваецца 1162 суб'екта гаспадарання, дзейнасць якіх звязана з выкарыстаннем вод, 573 з іх ажыццяўляе спецыяльнае водакарыстанне.
91 водакарыстальнік мае на сваім балансе 255 збудаванняў па ачыстцы сцёкавых вод, з іх 151 з выпускам сцёкавых вод у водныя аб'екты.