23 чэрвеня 1995 года быў адкрыты Аршанскі этнаграфічны музей "Млын".

23 чэрвеня, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/. 15 гадоў таму, 23 чэрвеня 1995 года, быў адкрыты для наведвальнікаў Аршанскі этнаграфічны музей "Млын", філіял Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. Размяшчаецца гэты музей у гістарычным цэнтры горада, паміж рэкамі Дняпро і Оршыца, у будынку вадзянога млына, які з'яўляецца помнікам прамысловай архітэктуры пачатку XX стагоддзя. Асноўная мэта канцэпцыі музейнай экспазіцыі - адлюстраванне найбагацейшай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Аршанскага рэгіёна 2-й паловы XIX - пачатку XX стагоддзя. Размяшчаецца на двух паверхах. На першым знаходзіцца экспазіцыя "Хлеб наш штодзённы", на другім - выстава традыцыйных рамёстваў Аршаншчыны. У музеі прадстаўлены прылады працы земляроба, прыстасаванні для апрацоўкі лёну, багатая калекцыя ткацтва, якая ўключае разнастайныя па дэкоры, каларыце і тэхніцы выканання посцілкі, ручнікі і абрусы, камплекты самабытнага аўтэнтычнага беларускага традыцыйнага касцюма, а таксама ганчарныя вырабы, копыскія кафлі, а таксама прадметы сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.-0-