25-годдзе адраджэння адзначае сёлета Віцебская праваслаўная епархія
Пад старшынствам уладыкі ў духоўнай семінарыі прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная 25-годдзю адраджэння епархіі. Звяртаючыся да гісторыі, архіепіскап Дзімітрый нагадаў, што за гады богаборчай улады ўсе раёны былі пазбаўлены храмаў, царкоўнае жыццё знаходзілася ў цяжкім стане. На тэрыторыі епархіі дзейнічалі ўсяго толькі 9 храмаў і працавалі 12 свяшчэннаслужыцеляў. Віцебск меў адзіную царкву ў імя Казанскай іконы Божай Маці.
Паступова сітуацыя змянялася, былі адноўлены старажытны Дабравешчанскі храм, Пакроўскі сабор, і толькі за першыя гады колькасць прыходаў вырасла да 56, сталі працаваць восем нядзельных школ. У 1995 годзе боскія літургіі здзяйсняліся ўжо ва ўсіх раённых цэнтрах. Цяпер жа ў Віцебскай епархіі, як расказаў уладыка, знаходзяцца 178 зарэгістраваных прыходаў, 150 храмаў, якія маюць прастол, два мужчынскія і чатыры жаночыя манастыры. Богаслужэнні здзяйсняюць 200 свяшчэннаслужыцеляў.
Яго Высокапраасвяшчэнства таксама ўспомніў пра найважнейшыя падзеі ў жыцці праваслаўных вернікаў. Так, адной са значных быў 1998 год, калі ўпершыню ў гісторыі царкоўнага жыцця Віцебшчыны прыязджаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II. Тады ж на Успенскай горцы быў закладзены камень і капсула з граматай у падмурак Свята-Успенскага кафедральнага сабора, які цяпер дзейнічае і служыць упрыгожаннем і духоўнага жыцця, і архітэктурнай карціны горада.
Праваслаўе — гэта духоўны змацоўваючы стрыжань нашага грамадства, які трымае наш народ у святасці. Гаворачы пра гэта, уладыка зноў звярнуў увагу на тое, наколькі важную ролю адыгрывае ў гэтым адукацыйная, місіянерская дзейнасць, праца, накіраваная на працу з моладдзю. За гады гісторыі адроджанай епархіі ў Віцебску адкрыта духоўная семінарыя, адноўлена духоўнае жаночае вучылішча, працуе Аршанскае духоўнае вучылішча. Архіепіскап выказаў шкадаванне аб тым, што пакуль няма ніводнай праваслаўнай гімназіі.
Пры Віцебскай епархіі працуе з 2002 года дзіцячы аздараўленчы лагер «Дружба» ў гонар абраза Божай Маці «Выхаванне». Дарэчы, штогод у летні перыяд тут аздараўляюцца і прыобшчаюцца да асноў духоўнага жыцця каля 300 дзяцей. Заўсёды доўгачаканыя для ўдзельнікаў сталі традыцыйнымі фестывалі «Беларусь праваслаўная» у Оршы і «Адыгітрыя» у Віцебску. Збіраюць аднадумцаў такія форумы, як Калядныя чытанні, Срэценскія чытанні, сталі добрай традыцыяй Велікодныя і Калядныя злёты моладзі. Адной з важных падзей у епархіяльным жыцці з'яўляецца ўтварэнне ў 2016 годзе грамадскага аб'яднання праваслаўных жанчын, новая арганізацыя супрацоўнічае са смаленскім аддзяленнем міжнароднай арганізацыі «Саюз праваслаўных жанчын».
Епархія штомесяц выпускае сваю газету «Наша праваслаўе», а з 2014 года актыўна працуе сайт Віцебскай епархіі.
На прэс-канферэнцыі таксама быў анансаваны на 30 лістапада II міжнародны царкоўна-грамадскі і навукова-асветніцкі Ірынінскі форум «Духоўныя асновы славянскага свету. Рэвалюцыя 1917 года ў Расіі». У Віцебскай духоўнай семінарыі ў межах форуму адбудзецца «круглы стол», прысвечаны 25-годдзю адраджэння Віцебскай епархіі і 300-годдзю з дня нараджэння свяціцеля Георгія (Каніскага).
Святочныя мерапрыемствы да 25-годдзя адраджэння Віцебскай епархіі Беларускага экзархата запланаваны на першую дэкаду снежня. Як распавёў сакратар епархіяльнага кіравання протаіерэй Уладзімір Разановіч, 6 снежня ў дзень памяці святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага пройдзе Боская літургія ў Свята-Успенскім кафедральным саборы, затым адбудзецца хрэсны ход ад сабора да помніка святому князю і яго сям'і. А 10 снежня ў Свята-Успенскім саборы вернікі сустрэнуць мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, тут будуць служыць Боскую літургію. У гэты ж дзень на тэрыторыі ўсёй — свята званоў. А ў Віцебску на плошчы перад Свята-Успенскім саборам будзе ўсталявана таксама перасоўная званіца, і кожны ахвотны зможа ўзяць майстар-клас у званічароў. Завершацца ўрачыстасці святочным канцэртам у Віцебскай абласной філармоніі.