25 немаўлят з'явіліся на свет на Віцебшчыне ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
У абласным клінічным радзільным доме віншаванні ад старшыні абласной арганізацыі «Белай Русі», кіраўніка дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Уладзіміра Церанцьева прымалі тры мамы. У сям'і жыхаркі Бешанковіцкага раёна Ірыны Прыгожай гэта ўжо чацвёртае дзіця, тры дачкі цяпер будуць дапамагаць клапаціцца пра браціка Ігара. А Дар'я Кагалёнак з Ушацкага і Анастасія Дзянісёнак з Полацкага раёнаў сталі мамамі ў другі раз, нарадзілі дзяўчынак — Марыю і Васілісу. Усе яны вельмі рады, што малышы з'явіліся на свет у галоўнае дзяржаўнае свята, бо адгэтуль і гэтым дзецям кожны раз у дзень нараджэння будзе салютаваць уся краіна.
Уладзімір Церанцьеў цёпла павіншаваў мам, падзякаваў ім за матчыны подзвіг, адзначыўшы:
— Асабліва прыемна, што мы ўшаноўваем мам, у сем'ях якіх з'явіліся на свет не першыя малышы. Гэта наша канцэпцыя дэмаграфічнай бяспекі ў дзеянні. Усе рэальна разумеюць, што ёсць магчымасць вырошчваць дзяцей у шматдзетных сем'ях. А задача органаў улады — праяўляць клопат пра іх не толькі ў святы, а пастаянна аказваць садзейнічанне ва ўзросле.
Мамам уручылі ад «Белай Русі» прадметы догляду за нованароджанымі і пажадалі ім расці здаровымі і шчаслівымі грамадзянамі сваёй краіны.
У радзільным доме бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзе 3 ліпеня нарадзіліся на свет чацвёра малышоў, шчаслівых мам павіншаваў старшыня Кастрычніцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Анатоль Белаў. У роддоме №2 найлепшыя пажаданні ад кіраўніка Першамайскай раённай арганізацыі «Белай Русі» Аляксандра Каплеўскага прымалі чатыры мамы пяцярых нованароджаных, бо ў сям'і Гучанка нарадзілася двайня — дзве дзяўчынкі.
А ўсяго на Віцебшчыне ў дзяржаўнае свята з'явіліся на свет 25 юных грамадзян.
Вера МУРАШКІНА. Фота івідэа Алега КЛІМОВІЧА. «Віцьбічы».