26 лютага стартуе продаж білетаў на канцэрты XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Пра гэта паведаміў на праведзенай у абласным цэнтры прэс-канферэнцыі Аляксандр Сідарэнка – кіраўнік Цэнтра культуры «Віцебск», які адначасова з'яўляецца дырэкцыяй форуму. Сёлета «Славянскі базар» пройдзе крыху пазней, чым у папярэднія гады, а менавіта з 14 па 18 ліпеня. Але традыцыйна святочныя мерапрыемствы пачнуцца на два дні раней і закончацца на столькі ж пазней.

Першы этап рэалізацыі квіткоў уключае канцэрты ўрачыстага адкрыцця і закрыцця фестывалю, двух дзён фіналу конкурсу выканаўцаў эстраднай песні, сольнікі Крысціны Арбакайтэ, Сяргея Лазарава, Валерыя Лявонцьева, Дзіяны Арбенінай, Максіма Галкіна, а таксама зборнікі «Europa plus TV» і «Шансон-ТВ». Плануецца удзел і Алы Пугачовай, якая будзе спецыяльным госцем на бенефісе Максіма Галкіна. А ў канцэрце адкрыцця выступіць зорка сусветнай эстрады, уладальнік двух "Grammy" за лепшы мужчынскі вакал, амерыканскі спявак Майкл Болтан.

– Нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы захавалі цэны на квіткі на ўзроўні мінулага года, каб чалавек любой заможнасці змог наведаць цікавае яму мерапрыемства, пабываць на канцэрце любімага артыста, – адзначыў Аляксандр Сідарэнка.

Важна і тое, што фестываль усё больш выходзіць на вуліцы горада. Павялічыцца колькасць адкрытых пляцовак, пашырыць сваю прастору праект «На сямі вятрах», які ўключае тэатральнае шэсце-перформанс, міракль у дэкарацыях начнога горада, выступленні

вулічных артыстаў, музыкантаў, паэтаў.

На карце фестывальнага Віцебска з'явяцца Горад майстроў, падворкі ўсіх раёнаў і ўпершыню – абласцей Беларусі. Цікавай абяцае быць афіша «Тэатральных сустрэч», «Лялечнага квартала», мастацкіх выстаў, вернецца на фестываль і кінапраграма. У Дзень Саюзнай дзяржавы запланаваны канцэрт Акадэмічнага ансамбля песні і танца Расійскай арміі імя Аляксандрава, традыцыйна адбудзецца Дзень моладзі. Усяго намечана каля сотні мерапрыемстваў, у Летнім амфітэатры – 17 праграм, у тым ліку 2 начныя канцэрты.

Вакальны конкурс пройдзе ў тры этапы, кожны з якіх будзе ўяўляць сабой паўнавартасны канцэрт з тэлевізійнай трансляцыяй. Фіналісты выступяць на галоўнай канцэртнай сцэне, а цырымонія ўзнагароджання ўключана ў праграму закрыцця форуму, падчас якой члены журы і зоркі эстрады ўручаць узнагароды конкурсант і павіншуюць іх сваімі песнямі. У дзіцячым конкурсе возьмуць удзел па адным прадстаўніку ад Беларусі, Расіі і Украіны, раней было па два. Гэта, на думку Аляксандра Сідарэнкі, дазволіць выканаўцам большай колькасці краін прыняць удзел у творчым спаборніцтве.

Свой 25-гадовы юбілей «Славянскі базар» адзначыць некалькімі праектамі. У афішу ўключаны канцэрты «25 імгненняў фестывальнага лета» і «Віцебск збірае сяброў», у якіх возьмуць удзел уладальнікі Гран-пры і лаўрэаты конкурсаў мінулых гадоў, вядомыя айчынныя артысты і ўраджэнцы Беларусі з розных краін. Акрамя таго, свае юбілеі на віцебскай сцэне адсвяткуюць арт-гурт «Хор Турецкага», тэлеканал «Шансон-ТВ». Запланавана выстава, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння легендарнага песняра Уладзіміра Мулявіна.

Таццяна Пастарнак, «Віцебскія весці».