27 лютага музей у Віцебску знайшоў новага ўласніка
Камітэтам "Віцебскаблмаёмасць" 27 лютага быў прададзены на аўкцыёне помнік архітэктуры - дом №7 на вуліцы Чэхава ў Віцебску, пабудаваны купцом Шнерам Шлёмавічам Смалянскім у 1902 годзе.
Пасля рэвалюцыі Шнер Смалянскі з'ехаў з горада, і дом застаўся безгаспадарным. Яго здалі ў арэнду жылкааператыву. Пасля вайны ў ім зрабілі рамонт і засялілі людзей.
У 1980-х гадах былы купецкі асабняк перадалі абласному краязнаўчаму музею, тут знаходзіліся майстэрні. З 2012 года будынак належыць музею Міная Шмырова.
Будынак музея спрабавалі прадаць на аўкцыёне са снежня 2017 года, але ахвотных яго набыць не знаходзілася.
27 лютага будынак музея ўжо ў 9-ы раз выстаўляўся на аўкцыён, на гэты раз са зніжэннем ацэначнага кошту на 80%.
На гэты кошт знайшоўся толькі адзін пакупнік – фізічная асоба, жыхар Бешанковіцкага раёна, якому і быў прададзены аб'ект за 36238 руб.
У далейшым новым уласнікам магчымая рэканструкцыя і выкарыстанне будынка пад размяшчэнне культурна-асветніцкага або забаўляльнага аб'екта.
З пачатку года ў камітэце "Віцебскаблмаёмасць" прайшло 6 выніковых аўкцыёнаў, 4 з якіх былі за адну базавую велічыню, і 2 аўкцыёны са зніжэннем цаны на 80%.