3 ліпеня аб'ядноўвае народ дзякуючы значнасці вызвалення Беларусі ад карычневай чумы - вучоны
3 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзень Незалежнасці кансалідуе грамадства перш за ўсё дзякуючы сэнсаваму напаўненню гэтага свята, звязанаму з вызваленнем Беларусі ад карычневай чумы. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў дырэктар Віцебскага філіяла Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін доктар гістарычных навук прафесар Веніямін Космач, які разам са студэнтамі ВНУ прымае ўдзел у святочных мерапрыемствах.
3 ліпеня мае асаблівую значнасць для ўсіх жыхароў краіны, паколькі асацыюецца з вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Такі сэнс свята глыбока сімвалічны і выступае кансалідуючым фактарам у нашым грамадстве", - лічыць Веніямін Космач. Гэта заўважна нават па асаблівай атмасферы ўрачыстасці і духоўнага ўздыму, якая панавала ў аўдыторыях ВНУ пры падрыхтоўцы студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў ВНУ да ўдзелу ў урачыстасцях. "Па маіх назіраннях, з такім жа прыўзнятым настроем рыхтаваліся да свята і нашы калегі з многіх навучальных устаноў горада", - падзяліўся ўражаннямі дырэктар. У гэты дзень свае віншаванні супрацоўнікі ВНУ адрасуюць, перш за ўсё, ветэранам вайны і працы.
Імкненне кожнай нацыі аформіцца дзяржаўна-палітычна з'яўляецца агульнай гістарычнай тэндэнцыяй. "Наша гісторыя багатая прыкладамі, калі беларускі народ рабіў спробы здабыць дзяржаўную незалежнасць, выступаючы кансалідуючай сілай, напрыклад, у часы Полацкага княства або Вялікага княства Літоўскага", - сказаў Веніямін Космач. Атрыманне дзяржаўнай незалежнасці ў XX стагоддзі стала яшчэ адным гістарычным шансам для нашага народа, якім беларусы цудоўна скарысталіся. "Я не сумняваюся: сёння агульнае імкненне нашага народа да незалежнасці і палітыка дзяржавы злучыліся на трывалай аснове, што здольна надзейна забяспечыць дзяржаўны суверэнітэт", - дадаў вучоны.-0-