30 фуэте і Сяргей Безрукаў. Чым здзівіць юбілейны IFMC у Віцебску?
Зрытальнікаў таксама чакае сустрэча з іспанскай «Кармэн» і вядомым расійскім акцёрам Сяргеем Безрукавым, які паўстане перад сваімі прыхільнікамі ў вобразе балетнай зоркі.
Як распавяла на мінулай прэс-канферэнцыі аўтар і ідэйны натхняльнік фестывалю, намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская, праграма юбілейнага IFMC унікальная, як, зрэшты, і ўсіх папярэдніх танцавальных форумаў, на якія прыязджаюць прадстаўнікі розных школ сучаснай харэаграфіі.
Сёлета на сцэнах Канцэртнай залы «Віцебск» і Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа выступяць артысты з больш чым 20 краін свету.
Упершыню танцавальны марафон пачнецца з кіно… І Сяргея Безрукава
У межах фестывалю адбудзецца прэзентацыя фільма «Пасля цябе», дзе галоўную ролю выканаў Сяргей Безрукаў. Дапамагаў яму стварыць вобраз танцора даўні сябар IFMC, вядомы харэограф Раду Поклітару, які сёлета ўзначаліць журы беларускага конкурсу сучаснай харэаграфіі. Прадставіць стужку і рэжысёр фільма Ганна Матысан.
Сяргей Безрукаў уручыць спецыяльную ўзнагароду за значны ўклад у развіццё сучаснай харэаграфіі і асабісты ўклад у развіццё IFMC у Віцебску. Імя ўладальніка прыза стане вядома на цырымоніі адкрыцця танцавальнага форуму.
Падарункам для аматараў харэаграфіі стане сустрэча з Нацыянальнай кампаніяй танца Іспаніі, якая прывязе ў Віцебск сваю «Кармэн». Гэты спектакль летась атрымаў Прыз Бенуа дэ ла Данс, які лічыцца балетным «Оскарам». Не менш цікавымі будуць пастаноўкі «Доўгі калядны абед» у выкананні «Кіеў мадэрн-балета» і «Самазванец» Балета Яўгена Панфілава.
– Мы тры гады марылі запрасіць у Віцебск кампанію танца VerTeDance з Чэхіі, і нарэшце нам гэта ўдалося. На канцэрце адкрыцця будзе паказаны тытулаваны спектакль «Карэкцыя», з жывой музыкай, фантазійнымі дэкарацыямі і бліскучым акцёрскім выкананнем. Яго нельга прапусціць! – падкрэсліла Марына Раманоўская.
У гэты ж вечар на сцэну IFMC з віншаваннем выйдуць артысты Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і пад музыку Мінкуса да «Дон Кіхота» выканаюць 32 фуэтэ – 30 у гонар юбілею і два на біс.
Трыццаты фестываль прыпадае на год нацыянальнага конкурсу
На адрас IFMC ужо паступіла 30 заявак з розных гарадоў Беларусі, больш за ўсё з Мінска і Віцебска. У праграме запланаваны таксама канцэрт з удзелам лаўрэатаў розных гадоў, творчыя лабараторыі расійскіх, польскіх і беларускіх танцоўшчыкаў, практычныя і тэарэтычныя майстар-класы, прэзентацыі кніг пра танец.
У фае Канцэртнай залы «Віцебск» будуць прадстаўлены выставы Аляксандра Салівончыка і Ганны Майсеюк, а таксама экспазіцыя, прысвечаная 30-годдзю фестывалю пад назвай «Музей-архіў».
Многім цікава будзе пералістаць летапіс танцавальнага форуму, які зарадзіўся на папулярным у васьмідзесятых гадах мінулага стагоддзя ў СССР брэйк-дансе і дарос да вяршынь сусветнай сучаснай харэаграфіі.