30 чэрвеня 1974 года ва Ушацкім раёне быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Прарыў».

30 чэрвеня, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/. 35 гадоў таму, 30 чэрвеня 1974 года, ва Ушацкім раёне ў гонар прарыву партызанамі нямецкай блакады 5 мая 1944 года быў адкрыты мемарыяльны комплекс "Прарыў". Мемарыяльны комплекс адкрыўся на тым самым месцы, дзе ў ноч з 4 на 5 мая 1944 года была прарвана блакада нямецка-фашысцкіх войскаў. З мотылінскага лесу выйшлі 16 партызанскіх брыгад, заблакіраваных фашыстамі ў выніку праведзенай імі карнай экспедыцыі "Свята вясны". Усе брыгады захавалі сваю баяздольнасць і працягвалі наносіць адчувальныя ўдары па ворагу. Яны актыўна ўдзельнічалі ў адбіцці наступу захопнікаў на поўначы Мінскай вобласці і разам з іншымі партызанамі аказалі вялікую дапамогу Савецкай Арміі ў перыяд наступу. У азнаменаванне бессмяротнага подзвігу партызан паблізу Ушачаў і быў узведзены мемарыяльны комплекс "Прарыў". Сама скульптурная экспазіцыя ўяўляе сабой два разарваных блока з каменя (сімвал разарванага кальца блакады) і бронзавую 9-метровую фігуру партызана, што ўзвышаецца над мемарыяльным полем. Побач умураваны 33 надмагіллі з імёнамі герояў прарыву і пасаджана 16 дубоў, сімвалаў мужнасці і стойкасці 16 партызанскіх брыгад. Да вяршыні пагорка вядзе сімвалічны "калідор" - невялікі, сціснуты бетоннымі сценамі адрэзак шляху, якім партызаны ішлі на штурм. Побач на бетоннай пліце размешчаны бронзавая карта-схема абароны 16 партызанскіх брыгад на 11 красавіка 1944 года і інфармацыйны надпіс. Завяршае кампазіцыю "Апошні прывал" - адлітыя з бронзы карабіны, складзеныя ў піраміду, і стужка з надпісам "Яны загінулі ў барацьбе з ворагам, выканаўшы свой свяшчэнны доўг перад Савецкай Радзімай і гісторыяй". Аўтары мемарыяльнага комплексу - скульптар Анатоль Анікейчык, архітэктары Юрый Градаў і Леанід Левін.-0-