300 маладых жыхароў Віцебшчыны атрымалі першыя пашпарты ў рамках Усебеларускай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі»
Яны юныя, але ўжо паспелі праявіць сябе і заваяваць поспех у розных відах дзейнасці, няхай гэта будуць алімпіяды па вучэбных прадметах, творчыя конкурсы ці спартыўныя спаборніцтвы. Наперадзе ў іх яшчэ шмат мэт і дасягненняў, але ўжо ў іншым статусе – грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Атрымліваць пашпарт заўсёды хвалююча: усведамляеш, што пераступаеш нейкі парог сталення, за якім – адказнасць за сваю лёс і лёс сваёй краіны. Удвая хвалююча і радасна, калі гэта адбываецца ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам прадстаўнікоў органаў улады і народных выбраннікаў. Менавіта такія пачуцці перажывалі 15 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Віцебшчыны, якім пашпарты на сцэне абласной філармоніі ўручыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас урачыстага сходу, прысвечанага Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Сярод іх юная спартсменка, уладальніца I дарослага разраду па спартыўнай гімнастыцы Валерыя Беляшова, удзельнік харэаграфічнага ансамбля «Зорка» Іван Космачоў, кіраўнік піянерскай дружыны, валанцёр і даследчык Таццяна Кежа, пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы Арцём Старанцоў, прызёр раённых конкурсаў «Калядная зорка», «Прывітанне, свет!» Аліна Анціпава і інш.
Як адзначыў Мікалай Шарснёў, моладзь – самая дынамічная і энергічная частка грамадства. У Віцебскай вобласці шмат маладых таленавітых людзей у розных сферах дзейнасці, і ў Год моладзі органы ўлады чакаюць ад іх новых ідэй і прапаноў.
– Менавіта вам у найбліжэйшы час трэба будзе вырашаць інавацыйныя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны, умацоўваць радзіму сваёй працай. Наш агульны абавязак – пабудаваць на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь моцную і квітнеючую дзяржаву, дзе кожны зможа жыць у дастатку, радавацца вынікам сваёй працы, задавольваць духоўныя і культурныя патрэбы, упэўнена глядзець у будучыню, – адзначыў кіраўнік вобласці. – Упэўненасць у заўтрашнім дні – гэта вельмі важна, як паказвае досвед суседзяў. Трэба даражыць стабільнасцю, захоўваць яе, і гэта залежыць ад кожнага з нас.
Патрыятычная акцыя БРСМ «Мы — грамадзяне Беларусі», прымеркаваная да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прайшла ва ўсіх кутках Прыдзвіння. Канстытуцыя была прынята 15 сакавіка дваццаць адзін год таму, яна стала пачаткам новай эпохі ў летапісе дзяржавы, надзейным фундаментам для дасягнення яе суверэнітэту. У час акцыі менавіта Асноўны Закон уручалі маладым людзям разам з пашпартамі, а таксама кнігі «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь».
А напярэдадні трое прадстаўнікоў моладзі Віцебшчыны прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння пашпартоў у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Гэта навучэнцы СШ №6 Полацка Юлія Грыбава, СШ №7 Віцебска Ігар Шелков і Мікіта Храмцоў. Ім іх галоўны дакумент уручыў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Хлопцы прызналіся, што гэта быў незабыўны момант. Як і экскурсія па будынку Савета Рэспублікі.
Святкаванне Дня Канстытуцыі не абмежавалася моладзевай акцыяй, да яго далучыліся ўсе пакаленні, бо гэта важны дзень для кожнага беларуса. У рэгіёнах адбыліся канцэрты, сустрэчы ў калектывах, класныя гадзіны,
«круглыя сталы», выставы, а таксама ўручэнне ветэранам юбілейных медалёў «70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.»Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"