35 гадоў таму ў Паставах быў адкрыты раённы краязнаўчы музей
26 лютага, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/. 35 гадоў таму, 26 лютага 1976 года, у Паставах быў адкрыты раённы краязнаўчы музей. Размешчаны ён у будынку, які з'яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя. Музей мае сем экспазіцыйных залаў і адзін выставачны зал.
Экспазіцыя аддзела прыроды выканана ў выглядзе дыярам (выгнутыя паўкругам жывапісныя карціны), якія сімвалізуюць вокны ў свет прыроды Пастаўшчыны. Тут паказаны раслінны і жывёльны свет краю, экспануюцца шматлікія пудзілы птушак і звяроў, калекцыі насякомых і гербарыі, а таксама прадстаўлена вялікая мінералагічная калекцыя.
Аб перыядзе, калі Пастаўшчына ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, распавядаюць сярэднявечныя карты, гравюры, посуд, планы маёнткаў, судовыя пратаколы, старажытныя кнігі, манетныя скарбы, прадметы палацавага інтэр'еру і побыту. Асаблівае месца адведзена матэрыялам аб родзе графаў Тызенгаўзаў, якія валодалі Паставамі ў XVIII-XIX стагоддзях.
Асобны раздзел у Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі прысвечаны перыяду 1921-1939 гадоў, калі Пастаўшчына ўваходзіла ў склад Польшчы.
У раздзеле, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне, размешчаны матэрыялы аб дзейнасці партызан і падпольшчыкаў на тэрыторыі раёна, іх асабістыя рэчы, экспануюцца таксама самаробны мінамёт, тэлеграфны апарат і трафейная нямецкая радыёстанцыя.
Этнаграфічны зала паўтарае інтэр'ер сялянскай хаты 1930-1940-х гадоў, дзе прадстаўлены тыповыя для краю разьбяныя і тканыя дываны, вышыўка, кераміка, вырабы з лазы і саломы, медны посуд і іншыя прадметы побыту, а таксама вырабы мясцовых майстроў, унікальная калекцыя старадаўніх дэкаратыўных вязаных і вышытых сетак.
Пастаўскі раённы краязнаўчы музей праводзіць выставачную дзейнасць, удзельнічае ў рэгіянальных і міжнародных канферэнцыях, міжнародным фестывалі народнай музыкі "Звенят цимбалы и гармонь".-0-