3D-матэрыялы для творчай майстэрні перадало Віцебскай бібліятэцы замежнай літаратуры Пасольства ЗША ў Беларусі

3D-материалы для творческой мастерской передало витебской библиотеке иностранной литературы Посольство США в Беларуси

Наборы для тэхнічнай творчасці, стварэння электроннага тэкстылю, 3D-прынтэр, 3D-ручкі, канструктары для вывучэння робататэхнікі, праграмавання і электронікі – цяпер гэта нятаннае задавальненне даступна чытачам бібліятэкі замежнай літаратуры абласнога цэнтра.

– Спадзяюся, што дадзеныя прылады прыцягнуць новых чытачоў у вашу бібліятэку, дзе яны змогуць адчуць сябе мейкерамі, творцамі, стваральнікамі і майстрамі, – адзначыў часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Скот Роланд, які прыехаў асабіста ўручыць падарункі.

Дарэчы, мейкер-рух, па словах часовага паверанага, досыць актыўна развіваецца ў Амерыцы і падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні, каб уцягваць моладзь у занятак навукай і праектаваннем, вучыць сучаснае пакаленне быць стваральнікамі, а не толькі спажыўцамі. Усё часцей гэта прымяняюць і амерыканскія бібліятэкі, каб прыцягнуць новых наведвальнікаў.

Цяпер жа да такога замежнага веяння могуць далучыцца і жыхары паўночнай сталіцы. Мейкер-атрыбутыка ўжо выклікала жывую цікавасць у студэнтаў мясцовых ВНУ, якія з'яўляюцца пастаяннымі чытачамі бібліятэкі і прыйшлі на сустрэчу з замежным госцем. Дарэчы, амбасада ЗША вось ужо на працягу 10 гадоў аказвае садзейнічанне віцебскай бібліятэцы ў фарміраванні яе фонду і калекцый, а ў гэтым годзе аб'ём дапамогі склаў больш за 6 тыс. долараў.

Скот Роланд адзначыў, што місія амерыканскіх бібліятэк сёння некалькі змяняецца, ствараюцца свайго роду навукова-творчыя комплексы. Яны прапануюць наведвальнікам ужо не толькі кнігі, але і доступ да Інтэрнэту, сучаснай тэхнікі, напрыклад, да таго ж 3D-прынтэра, які звычайны чалавек не мае магчымасці купіць. Усё гэта робіцца, каб утрымаць старых і прыцягнуць новых наведвальнікаў.

Дырэктар Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Віцебска Галіна Данілава лічыць, што тэхнічныя навінкі дадуць новы імпульс у развіцці бібліятэкі замежнай літаратуры абласнога цэнтра.

Наталля Рыжкова, фота аўтара.«Віцебскія весці».