3D-здымкі зубоў будуць рабіць віцебскія стаматолагі

Стаматалогія – адна з самых тэхналагічных галін медыцыны. У Віцебскай абласной стаматалагічнай паліклініцы, як і ў большасці раёнаў вобласці, актыўна ўкараняюцца інавацыйныя методыкі.

– Дзякуючы цесным сувязям з вядучымі сусветнымі вытворцамі і клінікамі нашы спецыялісты знаёмыя з найноўшымі распрацоўкамі, – кажа галоўны ўрач абласной паліклінікі і галоўны пазаштатны стаматолаг Віцебшчыны Васіль Варганаў. – Замежныя спецыялісты адзначаюць высокі прафесійны ўзровень падрыхтоўкі айчынных стаматолагаў. Але тэхналогіі не стаяць на месцы. Трэба пастаянна вучыцца, асвойваць і ўкараняць перспектыўныя метады. Сёння нам даступныя такія ж сучасныя матэрыялы і вырабы медыцынскай тэхнікі, як у Заходняй Еўропе ці Амерыцы. Але ўсё гэта, вядома, нятанна.

Па словах Васіля Васільевіча, масавай вытворчасці стаматалагічных матэрыялаў і абсталявання ў Беларусі няма: імпартная складніковая ў гэтай сферы аховы здароўя – каля 90%. Хоць, напрыклад, большасць сучасных эфектыўных анальгетыкаў, якія выкарыстоўваюцца ў айчыннай стаматалогіі, беларускія.

– Відавочна, што ва ўмовах высокай канкурэнцыі і адносна невялікага рынку ўласная вытворчасць стаматалагічнага абсталявання нерэнтабельная, – лічыць Васіль Варганаў. – Шмат што набываем у Ізраілі, Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі. Буйныя кампаніі навучаюць нашых урачоў за мяжой, арганізуюць майстар-класы ў Беларусі. Штогод на вучобе за мяжой бываюць каля дзесяці нашых урачоў і зубных тэхнікаў. Пасля яны самі праводзяць семінары для сваіх калег у Віцебску. Таксама лепшыя ўрачы абласной паліклінікі па графіку наведваюць усе раёны: кансультуюць хворых, навучаюць мясцовых спецыялістаў перадавым тэхналогіям.

Дзякуючы падрыхтоўцы стаматолагаў на базе ВДМУ Віцебшчына практычна цалкам забяспечана спецыялістамі. Акрамя таго, праведзена мадэрнізацыя раённых стаматалагічных паліклінік у Лепелі і Глыбокім, стаматалагічных аддзяленняў у Сянне, Бешанковічах, Талачыне, завяршаецца будаўніцтва стаматалагічнай паліклінікі

у Докшыцах. Істотна абнавіўся парк стаматалагічных установак для лячэння зубоў: больш за 50% з іх маюць тэрмін службы да 10 гадоў.

У абласной стаматалагічнай паліклініцы ўжо даўно праводзяцца высокатэхналагічныя аперацыі па ўстаноўцы пласціністых імплантатаў. Сёння ім на змену прыйшло новае пакаленне канструкцый, якія ўжыўляюцца непасрэдна на месца выдаленага кораня або адсутных зубоў на сківіцы. Пры гэтым не трэба абточваць побач размешчаныя здаровыя зубы, ды і эстэтычны выгляд іх значна лепшы.

 У Віцебску таксама паспяхова асвоілі новыя спосабы лячэння цяжкіх формаў парадантытаў – толькі ў мінулым годзе праведзена 80 аперацый. Дзякуючы выкарыстанню заменнікаў косці, якія ювелірна імплантуюцца ў сківіцу, пацыентам ратуюць зубы і аднаўляюць іх жавальную эфектыўнасць.

З мінулага года ўстаноўлены два сучасныя п'езаэлектрычныя хірургічныя апараты. Іх галоўная перавага – пры складаных выпадках выдалення зубоў або сківічна-тваравых аперацыях цяпер не трэба класціся ў стацыянар. Інавацыйны інструмент мінімізуе болевыя адчуванні, менш траўміруе дзясны, а зажыўленне адбываецца хутчэй, скарачаецца колькасць дзён непрацаздольнасці.

Праз некалькі месяцаў запрацуе яшчэ адна навінка – апарат конусна-прамянёвай рэнтгенаграфіі ў 3D-праекцыі. Гэта значна палепшыць дыягностыку, лячэнне і пратэзаванне.

– Мы марым аб тэрапеўтычных і хірургічных лазерных устаноўках, - распавядае Васіль Варганаў. – Лячэнне імі больш эфектыўна, але абсталяванне дарагое. Хоць варта разумець, што стаматалогія не толькі ў Беларусі, але і ўсюды – нетанны задавальненне. Таму хочацца яшчэ раз нагадаць: эфектыўная прафілактыка – залог здароўя зубоў і надзейны спосаб захаваць вашы грошы. На жаль, многія да гэтага часу церпяць зубны боль да апошняга, а гэта ў корані няправільна.

Аляксандр Кутынко. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. «Віцебскія весці».