4 гарады Віцебскай вобласці наведалі ўдзельнікі аўтапрабегу «Дарогі вайны. Дарогі міру. Дарогі памяці»
Нашы суайчыннікі арганізавалі міжнародны патрыятычны аўтапрабег «Дарогі вайны. Дарогі міру. Дарогі памяці». У ходзе мерапрыемства яны наведалі звыш дзясятка гарадоў Беларусі і Расіі, у тым ліку Гарадок, Віцебск, Оршу і Дуброўна.
У кожным з населеных пунктаў удзельнікі акцыі ўсклалі вянкі і кветкі да помнікаў, воінскіх мемарыялаў і пахаванняў, у раённых музеях знаёміліся з гістарычнымі матэрыяламі, якія сведчаць аб мужнасці байцоў Чырвонай арміі, партызан, падпольшчыкаў і мірнага насельніцтва.
— Аўтапрабег праводзіцца ўжо не першы раз і з году ў год колькасць яго ўдзельнікаў расце, — сказаў старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'ян Мацкевіч. — На шляху руху калоны экспанавалася перасоўная выстава, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне і подзвігу савецкіх салдат. Таксама госці са Смаленска сустракаліся з ветэранамі і моладдзю, прадстаўнікамі ўлады.
Першымі на беларускай зямлі нашы землякі наведалі Езярышча і Гарадок. У гарадскім пасёлку яны спыніліся ля магілы камандзіра 159-й асобнай танкавай брыгады палкоўніка Сямёна Хайдукова, а ў райцэнтры — ля помніка 10-й гвардзейскай танкавай брыгады.
На мітынгу, які адбыўся, прысутнічалі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў і старшыня райвыканкама Пётр Карабач. Кіраўнік Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Смаленскай вобласці Сяргей Крыўко паабяцаў, што пасля аўтапрабегу пашыраць перасоўную выставу і выдадуць тэматычны «Атлас памяці».