49 механізатараў сталі пераможцамі і прызёрамі Віцебскага абласнога спаборніцтва на вясновых палявых работах


Прадстаўнікі 20 сельгаспрадпрыемстваў сталі пераможцамі і прызёрамі абласнога спаборніцтва на вясновых палявых работах сярод механізатараў на энергонасычанай тэхніцы, якія ўпершыню сёлета арганізаваны камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

Безумоўны лідар па колькасці ўзнагароджаных — ААТ «Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў». Прадпрыемства спрацавала з лепшым сярод інтэграцыйных структур вынікам па такім ключавым паказчыку, як максімальная выпрацоўка на адзін агрэгат, заняты на пасеве. Таксама ў яго актыве разам з філіяламі 11 прызавых месцаў ва ўсіх намінацыях спаборніцтваў. На другім месцы механізатары ААТ «Віцебскі мясакамбінат» і яго структурных падраздзяленняў (8 прэмій). Па тры экіпажы-прызёры ў ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» і ААТ «Таргуны» Докшыцкага раёна.

Так, сярод механізатараў на сяўбе яравых збожжавых і зернебабовых культур, рапсу і кукурузы лепшымі ў пяці групах названы Вадзім Цецярук (Віцебскі мясакамбінат), Аляксандр Стамбровскі (філіял «Задняпроўскі» Аршанскага КХП), Віктар Суднік (Докшыцкі райаграсэрвіс), Міхаіл Булатаў (ПС «Альгоўскае» Віцебскага раёна), Аляксандр Парневіч (КУСП «Дунілавічы-Агра» Пастаўскага раёна).

Усяго ж уладальнікамі грашовых прэмій сталі 49 механізатараў. Па ўмовах спаборніцтваў за першае месца пакладзена 40 базавых велічынь, за 2-е — 30 і за 3-е — 20 БВ. Прызёры вызначаліся па намінацыях і групах у залежнасці ад занятасці (заворванне, перадпасяўная падрыхтоўка глебы, укачванне пасеваў, сяўба) і магутнасці агрэгатаў, пры гэтым асноўным крытэрыем з'яўляецца максімальная выпрацоўка энергонасычанай тэхнікі, адзначылі ў аблсельгасппрадзе.