5 студзеня – Дзень работнікаў сацыяльнай абароны
Узровень беспрацоўя на канец мінулага года не перавысіў 1% эканамічна актыўнага насельніцтва. За 11 месяцаў 2016-га заработная плата ўзрасла на 5,4% да адпаведнага перыяду 2015 года і склала 611 рублёў.
673 рабочых месцы са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі санітарна-гігіенічных нарматываў, на 385 рабочых месцах палепшаны ўмовы працы. Праца па ахове працы дазволіла паменшыць колькасць упершыню выяўленых выпадкаў прафесійных захворванняў. Дарэчы, на Віцебшчыне гэты паказчык з'яўляецца самым нізкім у краіне на працягу шэрагу гадоў.
– У нас бесперабойна функцыянуе сістэма пенсійнага забеспячэння. Пенсіі выплачваюцца штомесяц у вызначаныя тэрміны амаль траціне жыхароў нашай вобласці, – адзначыў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Хрыстафораў.
Толькі за апошнія тры гады ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы сацыяльных устаноў вобласці, у першую чаргу дамоў-інтэрнатаў і аддзяленняў кругласутачнага знаходжання ТЦСАН, накіравана парадку 5 млн рублёў.
У рэспубліцы склалася стабільная сістэма мер эканамічнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі, якая ўключае ў сябе розныя віды дапамог, ільгот і гарантый у сферы жыллёвай палітыкі, працы і занятасці, сацыяльнага страхавання, аховы здароўя, адукацыі. У цяперашні час сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, прызначаецца 11 відаў дзяржаўных дапамог. Для сем'яў з нізкімі даходамі прадугледжана аказанне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, якую за мінулы год атрымалі каля 45 тысяч грамадзян вобласці.
– Задачы на 2017 год для сістэмы сацыяльнай абароны вобласці – рост узроўню заработнай платы насельніцтва, паляпшэнне ўмоў працы і прафілактыка вытворчага траўматызму, забеспячэнне больш эфектыўнай занятасці насельніцтва. Плануем удасканальваць формы сацыяльнага
абслугоўвання і забеспячэння, каб павысіць узровень і якасць жыцця нашых грамадзян, – сказаў Аляксандр Мікалаевіч. – віншую калег з прафесійным святам і жадаю ўсім ветэранам і работнікам сістэмы працы і сацыяльнай абароны моцнага здароўя, дабра, шчасця і дабрабыту!
Алена Алімава. Фота Антона СТЭПАНІШЧАВА. «Віцебскія весці».