5 праектаў Віцебшчыны па прасоўванні здаровага ладу жыцця атрымаюць фінансаванне Еўрасаюза
Усяго паступіла звыш 130 заявак, прычым больш за палову – менавіта з паўночнага рэгіёна. Агульная грантавая падтрымка, якую атрымаюць 5 праектаў-пераможцаў у Прыдзвінне, складае звыш 160 тыс. еўра. Урачыстае ўручэнне спецыяльных сертыфікатаў адбылося ў мінулы чацвер у зале Віцебскага аблвыканкама.
Сярод тых, хто атрымаў адабрэнне сваёй ініцыятывы і магчымасць увасобіць яе ў жыццё, – Сенненская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» у партнёрстве з мясцовай бальніцай. Праект «Не губляючы часу» ў параўнанні з іншымі патрабуе найменшага фінансавання, але важнасць яго велізарная. Плануецца ўсе 18 фельчарска-акушэрскіх пунктаў раёна забяспечыць электравеласіпедамі, каб медыцынскія работнікі маглі хутчэй дабрацца да сваіх пацыентаў у аддаленых вёсках. На Сенненшчыне налічваецца каля 100 вёсак, дзе пражывае менш за 50 чалавек, і вельмі важна, каб іх жыхары не адчувалі сябе абдзеленымі і забытымі.
Адзін з самых працяглых праектаў – «Разам супраць дзіцячага траўматызму». Яго будзе рэалізоўваць абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сумесна з абласным дзіцячым клінічным цэнтрам. На падрастаючае пакаленне арыентаваны і праект Цэнтра садзейнічання тэрытарыяльнаму развіццю і прававому інфармаванню «Перспектыва». Абласная моладзевая арганізацыя прапанавала стварыць на тэрыторыі Бегамльскага сельсавета Докшыцкага раёна пляцоўку для варкаўта. А граматна і вынікова займацца на вулічных трэнажорах дапаможа спецыяльна распрацаванае мабільнае прыкладанне з комплексам практыкаванняў. Ідэя атрымала чаканае падтрымку.
Сярод пераможцаў конкурсу – аддзел адукацыі, спорту і турызму Гарадоцкага
райвыканкама. Ён зоймецца стварэннем спартыўна-аздараўленчага комплексу на базе адной з мясцовых школ і аздараўленчага лагера, сцежкі для скандынаўскай хадзьбы, пляцовак для хакея, валейбола, а таксама навучаннем школьнікаў асновам бяспекі і правілам паводзінаў на дарогах.Стаўку на прасоўванне актыўнага ладу жыцця робіць грамадскае аб'яднанне прагрэсіўнага развіцця «Полацкі цэнтр мясцовых ініцыятыў», якое пры фінансавай падтрымцы ЕС зоймецца стварэннем сеткі сцежак для скандынаўскай хадзьбы, пляцоўкі для варкаўта, вяровачнага гарадка для дзяцей і дарослых. Таксама ініцыятыва палачан «У пагоні за здароўем» прадугледжвае шэраг імпрэз, напрыклад, фестываль здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку «Рука ў руцэ!».
Нагадаем, што праект БЕЛМЕД фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца міжнароднымі арганізацыямі ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА пры супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Ён нацэлены на прасоўванне сярод мясцовага насельніцтва здаровага ладу жыцця і барацьбу з фактарамі рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў – такімі, як курэнне, залішняе спажыванне алкаголю, няправільнае харчаванне, нізкая фізічная актыўнасць. Мінімізаваўшы гэтыя негатыўныя з'явы і, адпаведна, знізіўшы распаўсюджанасць неінфекцыйных захворванняў (перш за ўсё сардэчна-сасудзістых), з якімі звязаны 90% смерцяў у Беларусі, можна павялічыць працягласць жыцця насельніцтва і палепшыць дэмаграфічную сітуацыю у рэгіёне і краіне ў цэлым.
– Неінфекцыйныя захворванні з'яўляюцца вельмі важнай праблемай, паколькі ўплываюць на сярэднюю працягласць жыцця, – падкрэсліў начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач. – Прыемна, што Віцебская вобласць актыўна ўключылася ў распрацоўку мерапрыемстваў у рамках праекта. Ініцыятывы, прызнаныя пераможцамі конкурсу, дапоўняць дзейнасць сістэмы аховы здароўя, мясцовых органаў улады ў вырашэнні такіх важных пытанняў, як прафілактыка неінфекцыйных захворванняў і павышэнне якасці жыцця насельніцтва.
Намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Грэбнеў выказаў надзею, што супольная праца па дадзеным праекце з
Еўрапейскім Саюзам і ААН дасць у далейшым станоўчы штуршок для ўмацавання супрацоўніцтва ў пытаннях паляпшэння здароўя народа і развіцця медыцыны.
– Гэты конкурс – толькі невялікая частка праекта БЕЛМЕД, – сказала кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын. – Праект разлічаны на год, агульны аб'ём бюджэту складае 4,1 млн еўра. Радуе, што ён выклікаў вялікую цікавасць. У наступным годзе стартуюць два конкурсы для астатніх рэгіёнаў Беларусі, такім чынам падключым да ініцыятывы увесь край. Мы хочам, каб мясцовыя ўлады і супольнасці супрацоўнічалі адзін з адным у вырашэнні пытанняў аховы здароўя.
Наталля Рыжкова. Фота Антона СТЭПАНІШЧАВА. «Віцебскія весці».