500 дрэў пасадзілі полачане да 500-годдзя кнігадрукавання ў рамках Тыдня лесу

Новы экалага-патрыятычны праект рэалізуецца ў рамках мерапрыемстваў «Полацк – маладзёжная сталіца» і рэспубліканскага Тыдня лесу. На тэрыторыях прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў рэгіёна ўчора было высаджана 500 вечназялёных заходніх туй.

Вясной Полацк адсвяткуе 1155-годдзе з моманту першага згадвання ў летапісе, а восенню стане сталіцай Дня пісьменства, дамінуючай тэмай якога будзе 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У гонар значных дат, як расказала намеснік дырэктара ДЛГУ «Полацкі лясгас» Аксана Пашкевіч, было вырашана падарыць гораду 500 дрэў. Іх 60-сантыметровыя саджанцы выгадаваны ў рэгіянальным базавым гадавальніку прадпрыемства, дарэчы, таксама адзначае ў гэтым годзе 80-гадовы юбілей.

Праект «Пасадзі сваё дрэва!», арганізатарам якога разам з лясгасам выступае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама, складаецца з некалькіх этапаў. Першы называецца «У Полацку вучуся і гэтым ганаруся». Выпускнікі школ пасадзілі дрэвы, каб пакінуць пра сябе памяць, а навучэнцы старэйшых курсаў каледжаў паабяцалі захоўваць традыцыі сваіх навучальных устаноў і быць вернымі выбраным прафесіям.

Акцыя «У Полацку служу і гэтым ганаруся» праводзіцца для дэмабілізаваных вайскоўцаў. Яны высадзяць алею Ганару разам з воінамі наступнага прызыву, якія працягнуць даглядаць за дрэвамі. Маладыя спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый будуць працаваць пад дэвізам «У Полацку працую і гэтым ганаруся».

Акрамя таго, 80 туй у гонар 80-годдзя лясгаса пасаджана на тэрыторыі полацкай СШ №15, дзе дзейнічае школьнае лясніцтва «Раніца». Хлопцы з юных гадоў удзельнічаюць у пасадках лесу і могуць даць сапраўдны майстар-клас сваім аднагодкам.

Рэалізацыя праекта, як адзначылі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама, дазваляе аб'яднаць інтарэсы маладзёжнага актыву і прыцягнуць увагу да вырашэння прыродаахоўных праблем, сімвалізуе сувязь пакаленняў і спрыяе выхаванню патрыятызму.

Ларыса МАЛАШЭНЯ, "Віцебскія весці". Фота аўтара і з архіва Полацкага лясгаса.