6 прадстаўніц Віцебшчыны ўдастоены звання «Жанчына года-2017»

6 прадстаўніц Віцебшчыны сталі пераможцамі Х Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2017» у розных намінацыях. Пра гэта паведаміла старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Галіна Жаланава.


У прыватнасці, у намінацыі «Духоўнасць і культура» адзначана прарэктар па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Віцебскага дзяржмедуніверсітэта Вольга Сырадоева, «Гаспадыня сяла» – старшыня Параф'янаўскага сельскага Савета дэпутатаў Докшыцкага раёна Галіна Азарэвіч, «Ратуючы жыцці» – галоўны ўрач абласнога радзільнага дома Алена Леановіч, «Мацярынская слава» – пенсіянерка з Россонскага раёна Лідзія Раманенка, «Жанчына ў навуцы» – першы прарэктар ВДУ імя П.М. Машэрава Валянціна Багатырова. 

Асаблівае месца арганізатар штогадовага конкурсу, ГА «Беларускі саюз жанчын», адводзіць намінацыі «Лідэрства і паспяховае кіраўніцтва» як доказу таго, што сучасная жанчына можа рэалізаваць сябе не толькі як маці, жонка, але і зрабіць паспяховую кар'еру, быць дасведчаным кіраўніком. Як, напрыклад, дырэктар прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Наваполацку, старшыня гарадской арганізацыі ГА «БСЖ» Алена Фурс, якая ўдастоена звання «Жанчына года - 2017» менавіта ў гэтай намінацыі.    

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу з усіх рэгіёнаў адбудзецца заўтра ў Палацы Рэспублікі ў Мінску. Па традыцыі на ёй прысутнічаюць намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня ГА «БСЖ» Мар'яна Шчоткіна і іншыя знакамітыя асобы краіны.  

"Віцебскія весці".