60 сем’яў атрымалі кватэры ў новым доме ў Лепелі
У мінулы чацвер у Лепелі 60 сем’яў атрымалі кватэры ў новым доме. Гэта жыллё пабудавана ўжо звыш запланаванага на бягучую пяцігодку плана.
— З 60 сем’яў навасёлаў – 15 шматдзетных, а ў трох з іх выхоўваецца чацвёра і больш дзяцей, — падкрэсліў, віншуючы гараджан, старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Ефрэмаў. — Дзве службовыя кватэры пабудаваў лесгас для сваіх супрацоўнікаў, адна – сацыяльнага карыстання. І хоць у Лепелі будуецца нямала, пытанне па-ранейшаму застаецца вострым. На ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, стаіць каля паўтары тысячы чалавек, з іх у райцэнтры – больш за 1200. І мы стараемся зрабіць усё магчымае, каб вырашыць гэту праблему. Ужо ў снежні плануецца здача 80-кватэрнага дома па вуліцы Калініна. У бліжэйшых планах – узвядзенне двух 40-кватэрных дамоў. Зацверджаны генеральны план забудовы вёскі Бароўка. Значна актывізавалася індывідуальнае будаўніцтва. Летась, да прыкладу, было ўведзена восем тысяч квадратных метраў такога жылля, сёлета будзе не менш.
Кіраўнік раёна выказаў шчырую падзяку і ўдзячнасць усім, хто ўкладвае свае сілы, вопыт, майстэрства, каму навасёлы абавязаны такім вось выдатным святам: упраўленню капітальнага будаўніцтва, ПМК-75, ДРБУ-202, спецыялістам падрадных арганізацый вобласці. І, вядома, самім навасёлам: дзякуючы таму, што яны своечасова і добрасумленна выконвалі свае абавязацельствы па фінансаванні, будаўнікі справіліся з задачай у тэрмін.
Дырэктар ДКУСП «Лепельская ПМК-75» Яўген Дзівін падкрэсліў, што будаўнікі сутыкаюцца з нямалымі праблемамі, складанасцямі ў фінансаванні, але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, імкнуцца своечасова здаваць аб'екты.
— Мы ўмеем будаваць, у нас ёсць сілы і майстры, — адзначыў Яўген Уладзіміравіч. – Вялікую падзяку трэба выказаць нашым субпадрадчыкам. Ніколі не падводзяць спецыялісты «Белсантэхмантажу» — арганізацыя, разумеючы складаную эканамічную сітуацыю, не чакаючы авансаў, брала крэдыты, выконвала свае абавязацельствы і ў тэрмін рыхтавала для нас фронт работ. Майстры з «Полацксельбуда», скончыўшы справы на гэтым доме, працягваюць будаўніцтва 80-кватэрнага дома. Сёння мы там працуем у дзве змены, а нямала і ўночы, каб да Новага года зрабіць яшчэ адзін падарунак лепельчанам.
Яўген Дзівін урачыста ўручыў сімвалічны ключ ад новага дома старшыні жыллёвага кааператыва Сяргею Провадзе. Той у сваю чаргу падзякаваў кіраўніцтва раёна, будаўнікоў.
Ад імя навасёлаў выступіла Святлана Новікава:
— Прыемна назіраць, як родны горад становіцца больш сучасным, прыгажэйшым і зручнейшым для людзей, дзякуючы будаўніцтву новых аб'ектаў, у першую чаргу, жылых дамоў. Гэта самае галоўнае для чалавека, для яго сям'і.
Павіншавалі навасёлаў і арганізавалі для іх няхай маленькае, але сапраўднае свята работнікі культуры. Пажадаўшы галоўнага: «Няхай жывуць на новым месцы шчасце, радасць з вамі разам!»
Алена Целятко, фота аўтара. «Віцебскія весці».