7 мая ў Віцебску адсвяткуюць 80-годдзе сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі

«У прафесіі адзіныя!» Так называецца святочнае прафарыентацыйнае мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю стварэння сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якое адбудзецца 7 мая ў Віцебску.

Каля Палаца спорту (пр-т Будаўнікоў, 23) а 9 гадзіне пачне сваю працу традыцыйная выстава-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці «Вясновы карагод» з майстар-класамі і нумарамі мастацкай самадзейнасці. У рамках канцэртнай праграмы запланавана цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў II этапу XVII Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў – навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі, даследчага праекта «Прафтэхадукацыі 80» і абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод рабочых (служачых), спецыялістаў і навучэнцаў «WorldSkills Belarus 2020».

Урачыстая частка мерапрыемства, дзе будуць ушаноўваць лепшых работнікаў сістэмы прафесійнай адукацыі вобласці і прызёраў абласнога конкурсу «Майстар года», пачнецца а 12 гадзіне ў абласной філармоніі.

"Віцебскія весці".