750 участкаў для галасавання ўтворана ў Віцебскай вобласці

На Віцебшчыне ўтвораны 750 участкаў для галасавання і пачалося вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Гэты этап працягнецца па 21 чэрвеня ўключна, а незадоўга да яго заканчэння (не пазней 19 чэрвеня) тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі завершаць прыём падпісных лістоў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты.

У параўнанні з выбарчай кампаніяй 2015 года колькасць участкаў для галасавання скарацілася прыкладна на 11%. У Віцебску, Наваполацку, а таксама ў Шаркаўшчынскім, Расонскім, Лёзненскім і Докшыцкім раёнах выбаршчыкам трэба будзе прайсціся пераважна па звыклых маршрутах. У астатніх раёнах колькасць участкаў скарацілася на 3 і больш, таму там жадана будзе напярэдадні ўдакладніць іх размяшчэнне. Безумоўна, пра гэта паклапоцяцца і участковыя камісіі, якія не пазней чым за дзесяць дзён да выбараў накіруюць усім паведамленні аб дні, часе і месцы галасавання.

Раённыя і гарадскія выканкамы павінны ўтварыць участковыя камісіі не пазней 24 чэрвеня. У іх складзе могуць быць ад 5 да 19 членаў. Вылучаць сваіх прадстаўнікоў могуць палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў. На членаў участковых камісій кладзецца асноўны аб'ём работы з выбаршчыкамі, пачынаючы ад удакладнення спісаў да падліку галасоў у дзень выбараў 9 жніўня.

"Віцебскія весці".