80 спартсменаў з усёй Віцебшчыны прадэманстравалі свае здольнасці ў абласных спаборніцтвах па лыжным арыентаванні.
У спаборніцтвах узялі ўдзел зборныя каманды розных узроставых катэгорый з раёнаў і гарадоў Прыдзвіння, навучальных устаноў, спортклубаў. Праграма спаборніцтваў прадугледжвала асабіста-каманднае праходжанне дыстанцыі больш за паўтара кіламетры і двухэтапную эстафету.
У спаборніцтвах узялі ўдзел зборныя каманды розных узроставых катэгорый з раёнаў і гарадоў Прыдзвіння, навучальных устаноў, спортклубаў. Праграма спаборніцтваў прадугледжвала асабіста-каманднае праходжанне дыстанцыі больш за паўтара кіламетры і двухэтапную эстафету. Спартсменам неабходна было разабрацца ў «павуцінні» снежных трас і з дапамогай карты знайсці кантрольныя пункты. Атлетам нават даводзілася чытаць схему ў руху, назіраць за мясцовасцю, супастаўляць патрэбныя пункты з яе фрагментамі. Акрамя таго, гонка патрабавала самастойнага выбару шляху і бездакорнай яго рэалізацыі. Таму ўдзельнікам даводзілася асабліва старанна сачыць за сваім тэхнічным майстэрствам.
Дадатковая цяжкасць пераадолення запатрабаванай адлегласці заключалася ў выкананні рэзкіх манеўраў, а таксама ў праходжанні няроўнасцей пры спусках і ўздымах. Усё гэта трэба было зрабіць на высокай спаборніцкай хуткасці.
Па выніках двухдзённага марафону трэцяе месца заняла каманда Чыгуначнага раёна Віцебска, «серабро» ўзяла Орша, а абсалютным чэмпіёнам стаў Першамайскі раён паўночнай сталіцы. Варта адзначыць, што з тройкі лідараў будзе вызначана зборная, якая прадставіць вобласць 22-24 лютага на першынстве рэспублікі ў Магілёве.