80% суб'ектаў гаспадарання Віцебшчыны плацяць падаткі з дапамогай электроннага дакументаабароту
– Валерый Мікалаевіч, напярэдадні прафесійнага свята прынята падводзіць вынікі работы. З якімі вынікамі вы падышлі да гэтага дня?
– Перш за ўсё хачу адзначыць, што два гады запар падатковая служба Віцебшчыны займае першае месца сярод абласцей з прысваеннем звання «Лепшая падатковая інспекцыя». Такія вынікі немагчымыя без высокакваліфікаванай і якаснай працы кожнага работніка.
Што ж тычыцца паступлення падаткаў, то за паўгоддзе кансалідаваны бюджэт папоўніўся на суму 650 млн рублёў, у тым ліку мясцовы – каля 500 млн. Адзначу, што ў гэтым годзе фарміраванне даходаў складваецца вельмі напружана.
Улічваючы аб'ектыўныя цяжкасці нацыянальнай эканомікі і сітуацыю ў нашых ключавых гандлёвых партнёраў, сабраць падаткі ў запланаваных аб'ёмах вельмі складана. Разам з тым, паступленні ў кансалідаваны, у тым ліку мясцовы, бюджэт вобласці павялічыліся на 6% да аналагічнага перыяду 2016-га.
– Як вы ацэньваеце ўзровень падатковай культуры плацельшчыкаў?
– Ён пастаянна расце. У пацвярджэнне прывяду такі факт: каля 92% плацяжоў паступаюць у бюджэт у добраахвотным парадку, прычым гэты высокі ўзровень не зніжаецца на працягу доўгага перыяду. Сёння добрасумленны падаткаплацельшчык заслугоўвае самага паважлівага да сябе стаўлення. Хачу падзякаваць усіх, хто дакладна, своечасова і без лішніх напамінанняў выконвае свой канстытуцыйны абавязак па выплаце падаткаў.
У сваю чаргу падатковыя органы вобласці выбудавалі дакладную сістэму работы з плацельшчыкамі. Нашы спецыялісты зацікаўлены, каб Віцебшчына мела ўстойлівыя крыніцы падатковых паступленняў, таму стварэнне максімальна камфортных умоў для выканання грамадзянамі і суб'ектамі гаспадарання сваіх абавязкаў з'яўляецца нашым нязменным стратэгічным курсам.
Асноўная доля паступленняў па-ранейшаму прыпадае на арганізацыі дзяржаўнага сектара эканомікі. Бюджэтаўтваральнымі плацельшчыкамі вобласці застаюцца ААТ «Нафтан», УП «Віцебскаблгаз», РУП «Віцебскэнерга», ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне»», на якія прыпадае каля 30% даходаў кансалідаванага бюджэту.
– У Беларусі вялікая ўвага надаецца развіццю электронных паслуг, якія становяцца для грамадзян звыклымі і незаменнымі. Што ў сувязі з гэтым робіцца вашым ведамствам?
– Падатковая служба прадастаўляе электронныя сэрвісы з 2009 года, калі была ўкаранёна сістэма электроннага дэкларавання. З таго часу спектр электронных паслуг значна пашырыўся і стаў даступны не толькі суб'ектам гаспадарання, але і фізічным асобам.
Прадастаўленне дэкларацый, справаздачнасці, заяў у электронным выглядзе, атрыманне неабходных звестак для сверкі разлікаў з бюджэтам, аплата падаткаў, пошук звестак у Дзяржаўным рэестры плацельшчыкаў, рэестры суб'ектаў гаспадарання з павышанай рызыкай здзяйснення правапарушэнняў у эканамічнай сферы, падатковы калькулятар, пошук інфармацыі аб стаўках – гэта толькі няпоўны пералік электронных сэрвісаў.
Сёння 80% суб'ектаў гаспадарання і больш за 36 тысяч фізічных асоб зрабілі выбар на карысць электроннага дакументаабароту з падатковай інспекцыяй.
– Якія перавагі дае грамадзянам электроннае ўзаемадзеянне з падатковымі органамі?
– Перш за ўсё сэрвіс зручны для плацельшчыкаў маёмасных падаткаў. Паведамленні на іх выплату паступаюць у электронным выглядзе, і рассылка поштай спыняецца. А гэта не толькі эканомія часу грамадзяніна, але і скарачэнне дзяржаўных выдаткаў на падатковае адміністраванне.
Непасрэдна па спасылках з «Асабістага кабінета» можна аплаціць падаткі з выкарыстаннем інтэрнэт-банкінгу, пры гэтым рэквізіты плацяжу і сума будуць запоўнены, а таксама паглядзець раней пададзеныя дэкларацыі, плацяжы, запазычанасць або пераплату. Акрамя таго, выкарыстоўваючы гэты сэрвіс грамадзяне могуць прадставіць дэкларацыю, зварот у форме электроннага дакумента, запісацца на прыём да кіраўніцтва інспекцый.
– Калі мы закранулі тэму падаткаабкладання грамадзян, то многіх цікавіць, якія віды дзейнасці можна ажыццяўляць без афармлення прадпрымальніцтва?
– Сёння вызначана каля 20 відаў дзейнасці, якія маюць права ажыццяўляць фізічныя асобы без абавязковай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, але з выплатай адзінага падатку. Поўны пералік прапісаны ў пункце 1 артыкула 295 Падатковага кодэкса.
Да самых распаўсюджаных адносяцца рэпетытарства, фота- і відэаздымка, музычна-забаўляльнае абслугоўванне вяселляў, юбілеяў і іншых урачыстых мерапрыемстваў, рэалізацыя кацянят і шчанюкоў пры ўмове ўтрымання хатняй жывёлы (коткі, сабакі), догляд за дарослымі і дзецьмі.
Грамадзяне, якія займаюцца такімі відамі дзейнасці, павінны толькі прадставіць адпаведнае пісьмовае паведамленне ў падатковую інспекцыю па месцы жыхарства альбо па месцы аказання паслуг да пачатку ажыццяўлення дзейнасці і выплаціць адзіны падатак.
– Падатковая служба асацыюецца з кантролем і праверкамі. Ці адбываюцца нейкія змены ў падыходах да арганізацыі выканання кантрольных функцый ведамства?
– У апошнія гады для стварэння неабцяжарнай для бізнесу сістэмы кантролю наша служба робіць акцэнт на папярэджанне парушэнняў і стымуляванне добрасумленнага выканання падатковых абавязацельстваў.
Значна павысілася роля камеральнака кантролю, калі праверкі выканання заканадаўства дзякуючы сучасным тэхналогіям сталі магчымыя без выхаду да плацельшчыка. У выніку правядзення такіх праверак у бюджэт паступіла больш за 10 млн.рублёў. Укаранёна інфармацыйная сістэма «Электронныя рахункі-фактуры», якая дазволіла зрабіць празрыстай выплату падатку на дададзеную вартасць, як асноўнай даходнай крыніцы.
Паралельна з увядзеннем гэтага механізму запрацавала сістэма камеральнака кантролю, пры ажыццяўленні якога дэкларацыі плацельшчыкаў звяраюцца з заяўленымі рахункамі-фактурамі і супастаўляюцца з данымі з мытных, банкаўскіх баз і іншымі інфармацыйнымі крыніцамі.
Праграмны прадукт дазваляе аператыўна выяўляць неадпаведнасці задэклараваных сум і пры неабходнасці добраахвотна ўнесці ўдакладненні без прымянення мер адміністрацыйнай адказнасці.
– Колькі суб'ектаў гаспадарання перагледзелі свае падатковыя абавязацельствы за мінулы перыяд?
– Па паведамленнях падатковых органаў плацельшчыкі ўжо здалі 657 удакладненых дэкларацый па ПДВ, дзякуючы чаму дадаткова прыцягнута ў бюджэт 3,5 млн руб. за кошт даплат і памяншэння сумы падатку, якая падлягае вяртанню з казны.
Адзначу, што сістэма камеральнака кантролю, прадугледжаная праграмай, практычна аднолькавая як для падатковых органаў, так і для суб'ектаў гаспадарання. Яна змяшчае шмат папераджальнай інфармацыі і дапамагае бухгалтару пазбегнуць магчымых памылак да здачы падатковай дэкларацыі.
– У сувязі з укараненнем інфармацыйнай сістэмы «Электронныя рахункі-фактуры» і наяўнасцю аўтаматызаванага камеральнака кантролю ці будзе ўдасканальвацца падатковае заканадаўства?
– Так, будзе. Да ўвядзення механізму электронных рахункаў-фактур падатковымі органамі выяўлялася шмат фактаў неабгрунтаванага завышэння ПДВ, які падлягае заліку або вяртанню з бюджэту.
Цяпер такія незаконныя дзеянні зведзены да нуля. Так што разглядаецца пытанне пераходу на міжнародную практыку вылічэння выплаты падатку, якая прадугледжвае поўнае пакрыццё з бюджэту ўсім катэгорыям плацельшчыкаў розніцы паміж сумамі ПДВ, выплачанымі імі пры набыцці тавараў (работ, паслуг), і сумамі, вылічанымі ад абкладаемых абаротаў.
– Нягледзячы на прымаемыя меры, напэўна, падатковай інспекцыі хапае працы па спыненні незаконных дзеянняў нядобрасумленных плацельшчыкаў?
– На жаль, так. Мы пастаянна выяўляем і спыняем дзейнасць суб'ектаў, якія працуюць па прынцыпе ілжэпрадпрымальніцкіх структур, і тых, хто карыстаецца іх паслугамі. Такія арганізацыі і ІП рэгістраруюцца на падстаўных асоб, іх мэта – абнаявіць грашовыя сродкі, атрыманыя ценявым шляхам. З пачатку года выяўлена 40 такіх суб'ектаў.
Найважнейшым напрамкам застаецца спыненне фактаў рэалізацыі і транспарціроўкі тавараў без наяўнасці адпаведных дакументаў. Па выніках аператыўных мерапрыемстваў канфіскавана з ценявога абароту таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на суму 1,3 млн. руб.
Пільную ўвагу надаецца кантролю за рэалізацыяй тавараў і паслуг у сетцы Інтэрнэт. Устаноўлена 168 фактаў атрымання даходаў без дзяржаўнай рэгістрацыі, у даход дзяржавы звернута 320 тыс. рублёў.
– Валерый Мікалаевіч, напярэдадні прафесійнага свята што вы пажадаеце супрацоўнікам падатковых інспекцый вобласці?
– Паважаныя супрацоўнікі і ветэраны падатковай службы! Прыміце шчырую падзяку за вернасць абавязку, за важкі ўклад у нашу агульную справу! Шчасця Вам і Вашым блізкім, добрага здароўя, веры ў свае сілы, волі і настойлівасці ў дасягненні новых прафесійных вышынь на карысць Беларусі, роднага краю, сваёй сям'і! І хай на жыццёвым шляху Вам заўсёды спадарожнічае ўдача!
Сяргей Антонаў. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. "Віцебскія весці".