85-годдзе адзначыў вядомы вучоны, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, ураджэнец і Ганаровы грамадзянін горада Віцебска Жарэс Алфёраў

85-летие отметил известный ученый, лауреат Нобелевской премии, уроженец и Почетный гражданин города Витебска Жорес Алферов

15 сакавіка 85-годдзе адзначыў вядомы вучоны, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, ураджэнец і Ганаровы грамадзянін горада Віцебска Жарэс Алфёраў. Акадэміка павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Пры ўдзеле Жарэса Іванавіча былі распрацаваны першыя айчынныя транзістары і магутныя германавыя прыборы. Дзякуючы даследаванням нашага земляка свет атрымаў мабільныя тэлефоны, высакахуткасны Інтэрнэт, прайгравальнікі кампакт-дыскаў, святлодыёды, сонечныя батарэі і валаконна-аптычныя лініі сувязі. Яго даследаванні заклалі асновы прынцыпова новай электронікі з вельмі шырокім дыяпазонам прымянення, вядомай сёння як зонная інжынерыя.

У 2000 годзе Жарэс Алфёраў стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па фізіцы за распрацоўкі ў паўправадніковай тэхніцы. Таксама за свае даследаванні ён узнагароджаны многімі ордэнамі і медалямі, з'яўляецца членам акадэмій навук розных краін, уладальнікам розных узнагарод і многіх прэмій. Жарэс Алфёраў — аўтар больш за 500 навуковых работ, 3 манаграфій і 50 вынаходак.

Юбілей ён адзначыў у нядзелю, а ўжо на наступны дзень выступаў з дакладам перад калегамі, нобелеўскімі лаўрэатамі, вучонымі Стэнфардскага, Берлінскага, Каліфарнійскага ўніверсітэтаў. Жарэс Іванавіч па-ранейшаму поўны сіл і энергіі, з'яўляецца актыўным удзельнікам грамадскага жыцця, шмат робіць для навукі.

Дзмітрый КАНАХОЎ, "Віцьбічы"