9-гадовая віцяблянка стварае кароткаметражныя мультфільмы
Сама сабе рэжысёр. 9-гадовая віцяблянка Каця Каленкевіч пачала ствараць мультфільмы. Зразумела, што ўсё пачыналася з малога: першыя кароткаметражныя ролікі, зробленыя яшчэ летам, доўжыліся ўсяго некалькі секунд. Але ўжо нядаўна дзяўчынка завяршыла працу над значна больш уражлівым праектам. На стварэнне анімацыі пайшло 4 месяцы і 500 фотаздымкаў.
Каця Каленкевіч з Віцебска, як і ўсе дзеці, любіць мультфільмы. Праўда, цяпер дзяўчынка глядзіць іх ужо не як звычайны гледач, а як пачатковец-мультыплікатар. Нядаўна яна завяршыла працу над уласным анімацыйным фільмам.
Каця Каленкевіч: "Раней я такога не рабіла. Нам тата прапанаваў паспрабаваць, мы зрабілі, у нас атрымалася".
Ганна і Аляксандр Каленкевічы: "Ёй хацелася нешта паспрабаваць цікавае. Па тэлевізары паглядзелі перадачу, як менавіта з кадраў ствараецца нейкае выява. Усё было ў наяўнасці. Фотаапарат, штатыў выдалі".
І тут пачалося... Бацькі ў творчы працэс не ўмешваліся. Хіба што малодшая сястрычка Вара заўсёды спрабавала дапамагчы. На "Зімовыя забавы" - менавіта так назвала свой апошні фільм Каця - пайшло 4 месяцы карпатлівай працы. А яшчэ некалькі набораў каляровай паперы і паўтары тысячы ўспышак фотакамеры. Менавіта столькі фотаздымкаў спатрэбілася для стварэння 3-хвіліннага мультфільма пра зімовыя забавы і важныя спартыўныя падзеі гэтага года.
Адзінае, што не змагла зрабіць Каця самастойна, - змантаваць гатовы матэрыял. На дапамогу ёй прыйшлі школьныя настаўнікі.
Андрэй Іспенькоў, настаўнік інфарматыкі: "Дапамагла праграма відэамантажу. У ёй мы звялі гэтыя фотаздымкі ў адзін шэраг, зрабілі з гэтага відэа. І затым дзяўчынка сама гэта відэа агучыла".
Але і на гэтым дапытлівая віцябчанка не спынілася. Разам з класным кіраўніком дзяўчынка правяла сапраўдную даследчую працу. Яе зацікавіла пытанне аб карысці ці шкодзе некаторых анімацыйных фільмаў. Каця зрабіла свае, не па-дзіцячы сур'ёзныя, высновы.
Каця Каленкевіч: "Прагляд дзецьмі мультфільмаў з'яўляецца не толькі спосабам баўлення часу, але і сродкам выхавання".
Таццяна Рыбакова, класны кіраўнік: "На жаль, дзіця не часта прыслухоўваецца да слоў сваіх бацькоў. А калі аднакласнік на сваім прыкладзе пакажа карысць ці шкоду прагледжаных мультфільмаў, гэта, вядома, больш дзейсна".
Цяпер пра мультфільмы Каця ведае многае, а яшчэ дае сур'ёзныя парады па, здавалася б, несур'ёзных пытаннях. Кажа, глядзець трэба айчынныя мульцяшкі. Ды і меру ў гэтым, як, зрэшты, і ва ўсім астатнім, трэба ведаць.