Серыяй культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў Віцебская абласная бібліятэка імя У. Леніна адзначыла сваё 90-годдзе
Ключавой падзеяй святочнай праграмы стала міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыя бібліятэкі ў гісторыі малой радзімы» пад старшынствам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага і дырэктара абласной Таццяны Адамян. З удзелам спецыялістаў з Міністэрства культуры, галоўнага кнігасховішча краіны, навуковай бібліятэкі БНТУ, Гомельскай, Пскоўскай (РФ) абласных і Віцебскай раённай, Дзярж архіва Віцебскай вобласці, абласнога краязнаўчага музея абмеркаваны патэнцыйныя магчымасці па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, значэнне краязнаўчага турызму як брэнда роднага краю, міжнародныя бібліятэчныя сувязі ўчора і сёння. Працягнула канферэнцыю пасяджэнне круглага стала «Бібліятэкі ў інфармацыйным грамадстве: актуальныя пытанні дзейнасці». Тут гаворка ішла аб прафесійных дасягненнях і праблемах, самаадукацыі як галоўнай умове развіцця кампетэнцый бібліятэкараў, ініцыятывах Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі.
Да ўрачыстага адкрыцця аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, якому папярэднічалі грунтоўная рэканструкцыя больш прасторнага, чым раней, памяшкання і ўстаноўка найноўшага абсталявання, арганізатары прымеркавалі прэзентацыю кнігі аўтарытэтнага віцебскага мастацтвазнаўцы Людмілы Вакар «Забава: народная цацка і лялька Віцебшчыны».
А ў бібліятэчным фае пры садзейнічанні Інстытута Гётэ ў Мінску арганізавана экспазіцыя графічных новел з серыі «Берлінскія міфы» знакамітага нямецкага ілюстратара, стваральніка коміксаў, уладальніка шматлікіх узнагарод Райнхарда Кляста.
Вялікую цікавасць выклікала і прэзентацыя праекта таймераграфіі віцебскага краязнаўца-фатографа Віктара Барысенкава «Горад Марка Шагала». Усё гэта – своеасаблівы юбілейны падарунак шматлікім чытачам бібліятэкі, якая ў нашы часы з'яўляецца папулярным у Віцебску выставачны цэнтр. А гасцям была прапанавана і экскурсія па ёй, а таксама па Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.
Калектыў, гасцей, ветэранаў бібліятэчнай справы розных пакаленняў і чытацкі актыў аб'яднаў святочны вечар у гонар 90-годдзя кніжнага флагмана Віцебскай вобласці. Лепшым яго прадстаўнікам уручаны ганаровыя граматы аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, граматы і падзякі Віцебскага гарвыканкама і гарсавета, узнагароды абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Віцебскай праваслаўнай епархіі. Ушанаванне ўпрыгожылі выступленні вядомых творчых калектываў абласнога цэнтра. Словам, юбілей удаўся.