95-гадовы юбілей органаў пракуратуры адзначылі на Віцебшчыне
У свой юбілей і прафесійнае свята, якое адзначаецца 26 чэрвеня, супрацоўнікі пракуратуры Віцебшчыны прымалі віншаванні і падзяку за шчыльную працу. Словы прызнальнасці ім выказалі прадстаўнікі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, генеральнай пракуратуры, сумежных ведамстваў і калегі з Расіі.
— Пракурорскія работнікі бездакорна выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі, — сказаў першы намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Грэбнеў. — Іх праца нелягкая, яны заўсёды на варце і пільна сочаць за выкананнем законнасці. Сістэма пракурорскага нагляду ў цяперашніх умовах — неад'емная частка дзяржаўнай прававой абароны грамадзян і інтарэсаў грамадства.
Лепшыя супрацоўнікі атрымалі ўзнагароды, у тым ліку медалі «За бездакорную службу» розных ступеняў, з рук намесніка генеральнага пракурора Беларусі Генадзя Дыско, які доўгі час быў пракурорам Віцебскай вобласці. Таксама праваахоўнікам уручылі граматы аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Як запэўніў пракурор Віцебскай вобласці Вадзім Сушчынскі, яго падначаленыя і надалей будуць уносіць уклад у выкананне законнасці і парадку.
Эдуард Каралевіч. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. "Віцебскія весці".