95-гадовы юбілей з дня ўтварэння раёна адзначылі на Ушаччыне
Сапраўдным падарункам да свята стала адкрыццё ў райцэнтры пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі ясляў-сада №3. На наваселле да дзяцей завітаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.
На працягу двух гадоў у будынку, якому жыццёва неабходна было абнаўленне, вяліся работы. А сёння яслі-сад упрыгожыў гарпасёлак, тут звіняць дзіцячыя галасы. Дарэчы, другую жыццё сад атрымаў якраз да свайго 30-гадовага юбілею, узведзены ён быў у 1989 годзе. Ад старога будынка засталіся толькі сцены. Заменена дахавая канструкцыя, мадэрнізаваны ўсе інжынерныя сеткі і камунікацыі, закуплена новае абсталяванне для сталовых, мэбля, праведзена добраўпарадкаванне. Абустроены прасторная і прывабная музычная зала, гульнявы комплекс на дваровай тэрыторыі, дзе цяпер ёсць нават аўтагарадок для вывучэння дзецьмі Правілаў дарожнага руху. Цяпер ва ўстанове – 62 дашкольнікі, тут жа размясціліся і два першыя класы Ушацкай школы, у якіх навучаюцца больш за 40 хлопчыкаў і дзяўчынак. Пасля капітальнага рамонту ў будынку, як і раней, базуецца дзіцячы сацыяльны прытулак.
Уладзімір Андрэйчанка выказаў упэўненасць у тым, што дзеці тут будуць атрымліваць толькі пазітыўныя эмоцыі і годнае выхаванне. Пры гэтым ён адзначыў, што гэта далёка не апошні ўклад у развіццё гарадскога пасёлка, паколькі пытанні паляпшэння ўзроўню жыцця насельніцтва, удасканалення сацыяльнай інфраструктуры з'яўляюцца прыярытэтнымі і для мясцовых улад, і для дэпутацкага корпуса. У сваю чаргу старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Аўдошка падзякаваў дэпутата, аблвыканкам за фінансавую падтрымку ў мадэрнізацыі аб'екта.
Выступаючы на ўрачыстым канцэрце «Працвітай, родная зямля!» перад жыхарамі Ушач, старшыня Палаты прадстаўнікоў павіншаваў усіх з выдатным юбілеем, падзякаваў за карпатлівую працу, прымнажэнне багацця роднага краю і пажадаў усім дастатку, міру і працвітання. На мерапрыемстве падзячнымі пісьмамі старшыні райвыканкама былі адзначаны былыя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, сказаны добрыя словы ў адрас многіх людзей працы. З віншаваннямі і падарункамі на Ушаччыну прыехалі госці з суседніх раёнаў, расійскага горада-пабраціма Сестрарэцка.
У межах святкавання юбілею прайшло нямала розных мерапрыемстваў. Адкрылася этнаграфічная выстава «Жыццё і побыт ушачан», якая будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове ў будынку, дзе раней размяшчаўся Дом рамёстваў. Прайшла сустрэча са знакамітымі землякамі – выдатнымі дзеячамі навукі і культуры, а на будынку Ушацкай школы адкрыта памятная дошка ў гонар праслаўленых выпускнікоў – Рыгора Барадуліна, Еўдакіі Лось, Генадзя Гарбука. У дзень свята пад адкрытым небам разгарнуліся шматлікія тэматычныя пляцоўкі. Цікавы гістарычны экскурс у мінулае арганізавалі работнікі музея народнай славы, майстар-класы далі работнікі дзіцячай школы мастацтваў. На свае падворкі традыцыйна запрашалі прадстаўнікі сельсаветаў, інфармацыйныя і конкурсна-гульнявыя пляцоўкі разгарнулі раённая бібліятэка, ратавальнікі, БРСМ.